Санкцыі супраць Расеі ці супраць Трампа? Чаму Оўбама выгнаў расейскіх дыпламатаў?


Вытураныя са Злучаных Штатаў расейскія дыпламаты ўжо вярнуліся адмысловым рэйсам на радзіму. Вашынгтон усцяж кажа пра кібератакі ў хадзе прэзідэнцкіх выбараў. А вось Масква шырока расплюшчвае вочы і нібы не разумее, што здарылася.

Нагадаем, што персонамі нон грата ў ЗША назвалі 35 расейскіх дыпламатаў і прыбліжаных да іх асобаў. ФБР і ЦРУ выказаліся адным голасам, што Расея праз кібератакі спрабавала не толькі паўплываць на выбары прэзідэнта, але і падарваць выбарчую сістэму ЗША.

«Прыхільнікі Дональда Трампа вельмі незадаволеныя такім крокам Барака Оўбамы. Яны нават кажуць, што Оўбама такім чынам спрабуе нашкодзіць Трампу і стварыць больш неспрыяльныя ўмовы для пачатку прэзідэнцтва», – кажа былы беларускі дыпламат Валер Кавалеўскі.

Паводле блізкіх да прэзідэнта-электа палітыкаў, Барак Оўбама «здзейсніў палітызаваны крок, а не крок на карысць нацыянальных інтарэсаў».

«Выказванні расейскай улады і каманды Трампа зноў супадаюць», – адзначыў у праграме «Гарачы каментар» былы беларускі дыпламат.

Вашынгтон не адзін дзень акумуляваў незадаволенасць палітыкай Расеі, тлумачыць Валер Кавалеўскі.

«Да ўсяго дадаўся поўны правал у супрацы па Сірыі, адсутнасць прагрэсу ва Украіне, а таксама хакерскія атакі і абранне Трампа ў выніку гэтых атак», – тлумачыць Кавалеўскі.

Больш у відэаматэрыяле!