Рынкі вымерлі. Надоўга?


Тысячы гандляроў прыпынілі дзейнасць

Паводле звестак РГА «Перспектыва», якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў малога бізнесу, 1 студзеня не выйшлі на працу 90% прадпрымальнікаў. Прычынаю стаў указ кіраўніка краіны № 222, які ўводзіць абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці, завезеных з краінаў Мытнага звязу. Калі ўлады не пойдуць на саступкі і не адменяць яе, тысячы ІП-шнікаў застануцца без працы, а спажыўцы – без права выбару.Толькі адзінкі паспелі аформіць суправаджальныя паперы на свой тавар. Больш за 2 тысячы гандляроў падалі заявы ў Мінгандлю аб прыпыненні сваёй дзейнасці.

Супрацьстаянне на Дзвіне

Блізу Віцебска, ў вёсках Цяцёркі і Барвін, у сувязі з пагрозаю падтаплення маюць быць знесеныя 72 лецішчы і 23 вясковыя хаты. Лецішчы збіраюцца зносіць у сувязі з будаўніцтвам Віцебскай гідраэлектрастанцыі. На пачатак году запланаванае адкрыццё абваднога каналу, і ўзровень вады пачне ўздымацца. Аднак вяскоўцы не збіраюцца здавацца і маюць намер адстойваць свае маёмасныя правы да апошняга.

Бацька 6 дзяцей, якога звольнілі за погляды, усцяж не можа знайсці працы

Сям’я Шчарбатых добра вядомая ў Бабруйску і ня толькі таму, што выхоўвае шасцярых дзяцей. Праз сваю актыўную грамадскую дзейнасць галава сям’і спадар Уладзімір намагаецца змяніць жыццё да лепшага. Гэта прыйшлося не даспадобы працоўнаму кіраўніцтву шматдзетнага бацькі. З верасня ён не мае працы, а спробы ўладкавацца не далі плёну.

Прасілі капрамонт адзін, а атрымалі – іншы

Жыхары сталічнага дому па вул. Каліноўскага сталі вядомыя, калі абвесцілі байкот выбарам кіраўніка краіны. Яны патрабавалі ад камунальнікаў капітальнага рамонту будынку, якому ўжо 46 год. Тады ўлады пайшлі насустрач незадаволеным грамадзянам і распачалі рамонт. Аднак да гэтага часу не было праведзена даследавання будынку дзеля высвятлення аб’ёму працаў. У адказ на свае заўвагі камунальнікам і адміністрацыі раёну жыхары чуюць толькі хамскія адказы.