Рымашэўскі: Ушаноўваць камунізм – гэта казаць, што можна забіваць людзей


Чырвоны дзень календара – гэткая савецкая фармулёўка для святочных датаў, бадай, найбольш пасуе менавіта для 7-га лістапада. І справа не толькі і не столькі ў колеры штандараў і гваздзічак, з якімі сучасныя адэпты камуністычных і бальшавіцкіх ідэяў мерзлі сёння ля помнікаў правадыру пралетарскай рэвалюцыі Леніну. Дзень 7 лістапада, які адзначаецца ў Беларусі на афіцыйным узроўні, пачырванеў ад крыві мільёнаў забітых і закатаваных гэтым, безумоўна, злачынным бальшавісцка-камуністычным рэжымам. У «Гарачым каментары» – прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

«Лукашэнка і тыя, хто побач з ім знаходзяцца пры ўладзе, – плады савецкай ідэалагічнай машыны. Святкаванне гэтых датаў, усталяванне помнікаў Леніну, іншым катам – Сталіну ды Дзяржынскаму – не такія бяскрыўдныя рэчы, як гэта падавалася б на першы погляд. Чаму мы сёння выйшлі з партрэтамі зніклых?

Бо ўшаноўваць камунізм – тое ж самае, што казаць, што метады, якімі карысталіся камуністы, слушныя. Гэта нібы казаць, што людзей забіваць можна, што людзей нішчыць «дзеля светлай будучыні дзяржавы» мае права той, хто пры ўладзе. І вось гэта страшна.

Гэтая ідэалогія жыве і ў кіраўнікоў сілавых структураў, увогуле ў нашых кіраўнікоў. Пакуль гэта будзе, ніводная асоба ў Беларусі не абароненая. І вось ім гэта не падаецца абсурдным, бо за савецкім часам таксама душылася любое іншадумства і адначасова ўсхваляўся Ленін і крывавая рэвалюцыя», – заявіў Віталь Рымашэўскі.[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]