Келсі Балерыні: Калі ты пакажаш прадзюсарам сваю жарсць, тады яны пачынаюць думаць пра цябе


Здавалася б, вось раздалі Грэмі, і таму варта было б падрабязней спыняцца на прызёрах гэтай цырымоніі. Але мы рабілі гэта цягам усяго тэлевізійнага сезона. Шукайце шэрагі матэрыялаў у папярэдніх выданнях. Зразумела, па троху я буду звяртаць вашу ўвагу на меней вядомых прызёраў ці намінантаў. Сёння ў нас ёсць магчымасць пагаварыць пра дзяўчыну – Келсі Балерыні – якую вызначылі ў якасці адной з найлепшых новых артыстак мінулага году.

Келсі спявае пра свежыя пачуцці ды наіўныя сэрцы.

«Я ўсяго толькі юнае дзяўчо, якое выпадкова трапіла на незалежны музычны лэйбл. Шмат выпрабаванняў было, мала хто верыў хоць у якія перамогі, усе, хто побач казалі: «Яна ж юнае куранё, пацешыцца троху ды потым знікне куды-небудзь». І я шчаслівая, што не здарылася гэтак. Музычная акадэмія кантры ўзнагародзіла мяне летась, як найлепшую спявачку года», – распавядае спявачка.

«У 15 ніхто да цябе не ставіцца ўсурʼёз. Ты кажаш: «Я аўтарка і спявачка». А яны адказваюць: ок. Ты кажаш: «Я выканаю зараз свой спеў». А яны бачаць усяго толькі школьніцу з ейным хобі. І толькі калі ты здолееш паказаць прадзюсарам сваю жарсць, тады яны пачынаюць думаць пра цябе», – распавядае Келсі Балерыні.

Сяргей Філімонаў