«Рэтра зорка»: Чаму закрыўся найстарэйшы ў ЗША цырк?


Пагодзімся, што рэтра-зорка – гэта не абавязкова музыка. Таму што ў нашым сённяшнім выпадку будзе цэлы калектыў.

Не музычны, але цыркавы! Нядаўна легендарная цыркавая кампанія «Ringling Bros. and Barnum & Bailey» стварыла інфармацыйную нагоду.

Цяперашнія гаспадары заявілі, што цырк закрыецца назаўжды. І публіка пабегла ў той цырк за фантомамі, настальгіяй ды прыемнымі ўспамінамі. А мы – падрыхтавалі цэлы сюжэт.

Сенсацыя адбылася ў студзені. Пасля абʼявы пра закрыццё старэйшага ў ЗША цырку, які існаваў цягам 146 гадоў, людзі сталі ў чэргі за квіткамі на шоу, якія яшчэ засталіся.

«Як толькі мы пачулі гэтую навіну, дык адразу пабеглі купляць квіткі. Жах. Цягам дзесяцігоддзяў мы ходзім у гэты цырк падчас сямейных святаў», – кажа наведнік.

Бачым здымкі 1950-х гадоў, зробленыя на цыркавым шоу. Да апошняга часу тут паказвалі класічны нумар з вылетам жанчыны з гарматы.

Цыркавы музей у горадзе Арланда, штат Флорыда, захаваецца. Тут шмат усяго цікавага.

«Гэты цырк – «Ringling Bros. and Barnum & Bailey» – здзіўляльная частка амерыканскай культуры. У Мінулым, калі ў горад прыбываў цыркавы цягнік, закрываліся школы, крамы, бізнес спыняў сваю дзейнасць. Усе святкавалі», – адзначае дырэктар музею Скот Оʼдонэл.

Лічыцца, што тэлебачанне, кампʼютарныя гульні ды інтэрнэт зрабілі сваю справу. Праўда, у выпадку з цыркам, напружыліся і актывісты «Peta», барацьбіты за правы жывёлін. Яны патрабавалі забараніць выступы сланоў у цырку. Яны сцвярджалі, што гэта здзек над сланамі, катаванне.

«Выдаленне сланоў з шоу падкасіла наш бізнес. Колькасць гледачоў зменшылася моцна. Прыбытковасць шоу зрабілася сумнеўнай», – кажа гаспадыня цырку.

Людзі ў чэргах таксама незадаволеныя.

«Спачатку зніклі сланы з арэны. Для мяне гэта было галоўным. Проста жах. Потым зніклі штукары з дрэсіраванымі сабачкамі. Варʼяты знішчылі частку нашай культуры», – абураецца мужчына.

Тым часам актывісты па ахове правоў жывёлы аж варʼяцеюць, калі чуюць назву класічнага цырку.

«Мы шчаслівыя, бо здзекі над экзатычнымі жывёлінамі, жорсткасць і жах спыняюцца. Мы пратэстуем цягам апошніх 20 гадоў. Вытрымалі некалькі судовых справаў і давялі, што яны, нават, забівалі тых жывёлін», – заўважае актывіст Браян Ўілсан.

Яшчэ ў 19-м стагоддзі менавіта ў гэтым цырку набыў славу класічны слон Джумба. Дасюль цырк выступае з ільвамі, тыграмі, вярблюдамі, кенгуру ды ламамі. Пасля закрыцця жывёліны адправяцца па заапарках. Карацей, іканічны амерыканскі цырк неўзабаве зробіцца часткай гісторыі ды ўспамінаў ягоных аматараў.