Рэкорд на «Залатым глобусе»: 7 узнагародаў для «Ла-Ла Лэнду»


Мюзікл «Ла-Ла Лэнд» стаўся трыумфатарам цырымоніі «Залаты Глобус», што прайшла ў Лос-Анджэлесе.

Фільм усталяваў рэкорд, ён перамог ува ўсіх сямі намінацыях, на якія прэтэндаваў: Дэмен Шазэл атрымаў статуэткі і за найлепшую рэжысуру, і за найлепшы сцэнар. Фільм узнагародзілі за саўндтрэк ды песню да фільму. Выканаўцы галоўных роляў Раян Гозлінг і Эма Стоўн узялі прызы за найлепшага актора і найлепшую акторку ў камедыі або мюзікле.

«Гэта стужка для летуценнікаў, і я думаю, што надзея і крэатыўнасць – самыя важныя рэчы на свеце.Калі перад любым творчым чалавекам зачыніць дзверы – у даслоўным ці пераносным значэнні, – хочацца ўсё кінуць, але чалавек падымаецца і зноў ідзе наперад», – кажа акторка Эма Стоўн.

У беларускі пракат «Ла-ла Лэнд» выйдзе ў гэты чацвер. На ўзнагароду за найлепшы мюзікл прэтэндавала, сярод іншых, камедыя «Флорэнс Фостэр Джэнкінз» пра найгоршую оперную спявачку свету, якую бліскуча сыграла Мэрыл Стрып. Акторцы дастАлася ўзнагарода «За ўнёсак у кінематограф».

Іншы важны прыз– «За найлепшы драматычны фільм» – атрымала стужка Бэры Джэнкінза «Святло месяца» пра этапы сталення афраамерыканца Шайрона, што жыве ў небяспечным прыгарадзе Маямі ў час росквіту там наркагандлю.

Малодшы брат Бэна Эфлека Кейсі Эфлек атрымаў узнагароду як найлепшы актор у драматычным фільме – за «Манчэстэр ля мора». У сваёй прамове ён падзякаваў партнёрцы па стужцы.

«Няма такой узнагароды, якая належала б аднаму актору. Я б хацеў пабачыць на гэтай сцэне Мішэл Ўільямз – гэта яна выканала большасць працы», – адзначае Кейсі Эфлек.

У катэгорыі «найлепшая драматычная акторка» журы вылучыла Ізабэль Юпэр за ролю ахвяры гвалту ў французскім трыллеры «Яна» Паўла Вэрхувэна. А сама стужка перамагла ў намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове.

Найлепшым серыялам года на »Залатым глобусе« прызналі знятую для тэлебачання »Нэтфлікс« серыял «Карона» Карону«, у цэнтры якой – жыццё Элізабэт Другой. Узнагарода ж за найлепшую анімацыю дасталася «Звераполісу».

Чытайце таксама:

Марына Вашкевіч, belsat.eu