Зоры не спяць Размова з выкананаўцам ролі Кастуся Каліноўскага ў фільме «Белсату»


Вольга Гардзейчык гутарыць з выканаўцам галоўнай ролі ў фільме «Белсату» «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні» (прэм’ера неўзабаве), акторам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Купалы Раманам Падалякам. Акторскі лёс майго сённяшняга госця можна назваць шчаслівым: нягледзячы на даволі малады ўзрост, ён граў у двух спектаклях паводле твораў Адама Міцкевіча, меў дачыненне як да дзяржаўных, гэтак і да прыватных тэатраў, а таксама да «новай беларускай» драматургіі, а таксама – стварыў уласнае радыё.Раман Падаляка нарадзіўся ў Менску. Вучыўся ў Коласаўскім гуманітарным ліцэі ды Акадэміі мастацтваў. У тэатры працуе з 2002 года. Граў Ёланда ў «Translations» Б. Фрыла, Франца ў пастаноўцы «Не мой» паводле А. Адамовіча, айца Ўэлша ў спектаклі «Самотны захад» М. МакДонаха, Графа ў «Пану Тадэвушу»), Трыгорына ў «Чайцы». Граў вядучыя ролі ў незалежных працах: спектаклі «Дзяды» паводле А. Міцкевіча і фільме «Жыве Беларусь».– Сярод гасцей маёй студыі былі прадстаўнікі акторскіх дынастыяў, якія казалі, што знакамітае прозвішча часцяком перашкода, а не дапамога ў прафесіі ды кар’еры. Вы паходзіце не з акторскай, а са спартовай сям’і. Як выглядаў ваш шлях у акторства і чаму вы яго абралі?– Нягледзячы на тое, што мае бацькі сапраўды спартоўцы, мяне ў тры гады адвялі ў тэатральную студыю – і тым самым вызначылі мой лёс. У прынцыпе, я потым зрабіў паўзу, калі мне было ўжо 16 гадоў, каб падумаць: ці варта працягваць на прафесійным узроўні, але… Гэта наркотык. Ад яго проста так не пазбавішся. Думаю, ай, пайду паступлю ў тэатральны… Ты абіраеш у жыцці тую прафесію, якая табе дае шмат задавальнення. Я спрабаваў таксама займацца прафесійным спортам – і гэта нешта падобнае, бо ты змагаешся з сабой, змагаешся з нейкай сітуацыяй, але мастацтва перацягнула.– Ведаю, што вы паходзіце з беларускамоўнай сям’і, а гэта не частая з’ява. Раскажыце пра гэта.– Ілюстрацыя наконт таго, што ў розных сферах дзейнасці хапае беларускамоўных. Мой бацька – спартовец, але з дзяцінства прывучыў нас чуць ад яго беларускую мову. Гаварыць нас ён не прымушаў, але калі мы з сястрою падраслі, бацькі аддалі нас у беларускі ліцэй – і гэта быў класны ўзровень.– Вам двойчы пашанцавала з Міцкевічам: вы гралі Графа ў «Пану Тадэвушу» на Купалаўскай сцэне і Густава Конрада ў «Дзядах», незалежнай пастаноўцы прыватнага тэатру «Ч». Гэта дзве кардынальна розныя пляцоўкі, разлічаныя на розныя аўдыторыі, у выніку мы пабачылі два абсалютна розныя спектаклі. Як вам працавалася, і ў чым адчувалася розніца?– Так, спектаклі атрымаліся зусім розныя. Усё ж такі гэта два розныя прынцыпы працы. У «Дзядах» мы сапраўды нешта шукалі. І можа, з пункту гледжання прафесійных рэжысёраў гэта быў дзіцячы садок, бо мы шукалі, мы не баяліся памыляцца як каманда актораў і рэжысёраў. Дыктату рэжысёра не было. І гэта прымушала кожны раз рыхтавацца, бо ты не проста актор, а саўдзельнік пастановачнага працэсу.– А ў дзяржаўным тэатры – дыктат рэжысёра? Ці я спрашчаю?– У нас – так, безумоўна. Таму што спадар Пінігін сам у гэтай студыі казаў, што ён мае такое жаданне і хоча зрабіць тэатр так, як ён гэта разумее. Безумоўна, ён валодае поўнасцю сітуацыяй, на рэпетыцыях і гэтак далей. Часам мне падаецца, што можна было больш давяраць акторам і знайсці тую ступень «дыктатарства», якая б не абмяжоўвала натуральнасці актораў, іх «арганічнасці». Можа, канешне, у пэўных сітуацыях трэба і пазмагацца з акторам, і зайсці ў нейкі канфлікт, і гэта нармальна. Але я ведаю, што чым большы давер да актора, тым больш ён адкрываецца. І вось гэты ключык, мне падаецца, можна шукаць яшчэ.– З афішы Купалаўскага тэатру зніклі спектаклі «Translations» і «Сымон-музыка». Што здарылася?– Ёсць такая тэорыя, што не трэба адукоўваць гледача, а няхай ён прыходзіць і адпачывае. Я з гэтым не пагаджуся, бо тэатр сам стварае ступень прафесійнасці.– Планку?– Канечне. Трэба, каб людзі самі цягнуліся да гэтага. І зараз мяне аспрэчаць: што крызіс у нас, што трэба зарабляць грошы, што ў тэатру ёсць планы, і трэба сабраць столькі-то залаў… Я хачу сказаць толькі адно: трэба, каб кожны спектакль быў падзеяй. Я не ведаю, як гэта зрабіць. Падзеяй у розных сэнсах: культурнаю падзеяй, падзеяй у самім тэатры, падзеяй для актораў… Трэба выходзіць за межы проста прадукту.(…)– А можа, тэатр рыхтуе нам нешта, а мы й не ведаем?– Я пра ўсё сам з вашых праграмаў даведваюся. Тут абяцалі нам “Дзве душы”… Ну, будзем глядзець…– Ёсць прыклады ў вас, дзе гэта адбылося?– Не, я проста хацеў бы, каб гэтак было.(…)– Вы мелі дачыненне і да класічнай, і да гэтак званай “новай” драматургіі – у прыватнасці, гэта спектакль «Тата» паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага. Скажыце як актор: як адчуваецца на скуры новая драматургія? Што гэта такое ўвогуле?– Я ўвогуле вельмі скептычна стаўлюся да новай драмы. Гэта такая мода, якая прыйшла з усходу, з Расеі, мода на разняволенасць, прынцып «тэатр.док», вольнае ўжыванне, скажам, лаянкі на сцэне… У Расеі яны засвоілі па-свойму гэтую культуру, а вось да нас яна прыйшла праз іхнае засвойванне. Вы ж ведаеце, што па-беларуску не пішацца новай драмы. Можа, лічаныя адзінкі пішуць па-беларуску.– А можа тая сцэна больш можа змясціць, і яны на яе проста арыентуюцца?– А яны пішуць, каб прадаць? Ведаеце, каб Чэхаў пісаў і думаў, як бы гэта напісаць, каб спрытней прадаць, нічога б у яго не атрымалася. Я да чаго? Што новая драма – яна павінна нарадзіцца тут, у Беларусі. Свая. Са сваймі акалічнасцямі, героямі, сюжэтамі.(…)Далей у праграме: Ці тэатр можа быць асветніцкім і актуальным адначасова? Чаму вучыць Купалаўскі? Актор і грамадзянская пазіцыя: як тут не баяцца? Радыё «Прудок» з аповедаміі Дзядзькі Гарвата – новае хобі Рамана Падалякі. Сто адсоткаў беларускасці, і толькі адзін ды-джэй.

Каментары