Два на два «Рашэнне пра адмену дэкрэту аб дармаедах прынята, шукаюць спосабаў, як яго ўвесці»


Грошы, якія выбіваюць з «дармаедаў», пойдуць у тым ліку і на заробкі чыноўнікам. На аплату працы людзей, занятых у бюджэтнай сферы, сыходзіць ад 30 да 40 % гэтага самага бюджэту, гаворыць кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

Тым часам, Беларусь – адзін з усясветных чэмпіёнаў паводле колькасці чыноўнікаў. Дакладныя лічбы засакрэчаныя, эксперты называюць лічбы ад 50 тыс. да 150 тыс. дзяржслужбоўцаў. Улічваючы іх куды вышэйшыя за сярэднія па краіне заробкі, цяжар на дзяржбюджэт ад утрымання армады чыноўнікаў не можа не ўражваць.

Паводле Уладзіміра Кавалкіна, хутчэй за ўсё, рашэнне пра адмену дэкрэту №3 наверсе ўжо прынята. Цяпер чыноўнікі шукаюць спосабу ажыццявіць яго, захаваўшы твар і не прызнаючыся ў тым, што яны памыляліся.

Нездарма ж адной з найбольш папулярных абяцанак Аляксандра Лукашэнкі, якія ён паўтарае літаральна штогод, акрамя заробку ў $ 500 ці нават 1 тыс., застаецца скарачэнне дзяржапарату. Гэтак, 13 лютага кіраўнік дзяржавы нават падпісаў указ пра змяншэнне штату ўласнай адміністрацыі адразу на 30 % у мэтах удасканалення яе дзейнасці, аптымізацыі структуры і колькасці. Дакумент набярэ моц 1 траўня сёлета і пакіне на сваіх пасадах усяго 108 чалавек.

Вось толькі ці сапраўды мы маем гэткі доўгачаканы пачатак рэформаў сістэмы Лукашэнкі? Альбо папросту эканамічны крызіс настолькі дапёк, што грошай не хапае нават на ўтрыманне ўласных прыдворных? Пра гэта ў студыі размаўляюць кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін і акадэмічны дырэктар Цэнтру даследаванняў грамадскага кіравання SYMPA Дзмітрый Маркушэўскі.

Каментары