Расейцы панікуюць. Выбух у Растове-на-Доне


У паліцыю Санкт-Пецярбургу працягваюць паступаць паведамленні пра нібыта закладзеныя бомбы ў метрапалітэне. На вуліцах гораду пануюць непакой і жалоба па ахвярах трагедыі, якая забрала ў панядзелак жыцці 14-ці чалавек.

«Ну як тут не плакаць? У мяне ніхто не загінуў, але я вось трэці дзень не магу супакоіцца. Мне вельмі шкада гэтых людзей, вельмі шкада», – кажа жыхарка Пецярбургу.

Падаграваюць атмасферу і навіны аб новых здарэннях. Сёння ў Растове-на-Доне мінак заўважыў кішэнны ліхтарык, які ляжаў на тратуары, ды падняў яго. Пры ўключэнні прылада здэтанавала. 46-гадовы мужчына шпіталізаваны з раненнямі. Праз выбух пацярпеламу адарвала правую ручыцу і палец на левай руцэ. На месца здарэння прыбылі сапёры, зранку тэрыторыя была ачэпленая.

«Мужык гэты торбу нейкую знайшоў, а там ліхтарык. Ён на ліхтарык націснуў, а тут выбух. Ён яшчэ бегаў «дапамажыце-дапамажыце». Крыкі чуваць было. Выбух моцны быў», – распавядае сведка здарэння.

А ў Санкт-Пецярбурзе праз знойдзены небяспечны прадмет эвакуявалі жыхароў шматпавярховіка. Мясцовыя жыхары знялі на відэа, як супрацоўнікі спецслужбаў вывелі ў кайданках трох чалавек. Як выявілася, знойдзены прадмет быў сапраўднай бомбай, якую ўдалося абясшкодзіць.

Падчас іншай аперацыі ў Пецярбургу былі затрыманыя знаёмыя піцерскага тэрарыста Акбаржона Джалілава. Усе яны – выхадцы з Сярэдняй Азіі.

«Я не сумняваюся, што гэта не была аперацыя самотнага ваўка. Яна рыхтавалася доўгі час, была спланаваная і выкананая. Гэта паведамленне, маўляў, “мы тут, мы набліжаемся і мы збіраемся рабіць гэта зноў і зноў«. Мы мусім быць гатовыя і змагацца з гэтым”», – кажа прафесар Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Чупрыгін.

У Следчым камітэце паведамілі, што ў кватэры затрыманых былі выяўленыя прадметы, важныя для следства. Імёны затрыманых трапілі ў распараджэнне «Пятага каналу».

Нервы ад напружання вытрымліваюць не ва ўсіх расейцаў. Гэтак, шматлікія навіны пра тэракт у пецярбургскім метро пашкодзілі розум 55-гадовага мужчыны, які выявіў у адной з вёсак у Ленінградскай вобласці нібыта «штаб маджахедаў» і спаліў дзевяць дамоў (агулам у вёсцы іх 11). Пажарных ён тараніў на «Волзе» і паліваў газам з балончыка. Пецябруржац здаўся паліцыі ды адзначыў, што на думку аб базе маджахедаў яго наштурхнулі паведамленні медыяў аб піцерскім тэракце.

Маша Макарава, «Белсат»