Свет Расейскія навукоўцы плануюць перамагчы рак з дапамогай Байкалу


Біёлагі нашых суседзяў абяцаюць перамагчы рак, кішачную палачку і грыбок Кандзіда з дапамогаю бактэрыяў з возера Байкал – «унікальнай экасістэмы, якая захавала процьму арганізмаў , што валодаюць унікальнымі ўласцівасцямі».

Амаль дзевяноста гадоў таму брытанскі бактэрыёлаг Аляксандр Флемінг адкрыў першы антыбіётык – пеніцылін. Аднак неўзабаве выявілася, што бактэрыі вельмі хутка выпрацоўваюць устойлівасць да антыбіётыкаў, і лекі губляюць эфектыўнасць.

«У гэты час перад намі стаіць задача давядзення асобных антыбіётыкаў да прыкладнога значэння, паколькі ў нас ёсць вельмі вялікая калекцыя, але неабходна мэтанакіравана працаваць над гэтым, каб не разменьваць свае сілы, свае рэсурсы і давесці антыбіётыкі да канчатковага спажыўца», – кажа Дзяніс Аксёнаў-Грыбанаў з Навукова-даследчага цэнтру Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэту

Сучасная навука занятая няспынным пошукам новых штамаў, здольных знішчаць бактэрыі, што мутуюць. У Навукова-даследчым цэнтры ІДУ ўжо некалькі гадоў вывучаюць новыя бактэрыі, знойдзеныя ў пячорах і азёрах Сібіры, што захоўваліся там цягам 30–40 мільёнаў гадоў.

«Байкал уяўляе з сябе сабою ўнікальную экасістэму, якая дазволіць знайсці процьму ўнікальных арганізмаў, што будуць валодаць унікальнымі ўласцівасцямі, якія можна будзе выкарыстоўваць для стварэння новых тэхналогіяў», – кажа біёлаг Максім Цімафееў.

У пошуку антыбіётыкаў навукоўцы даследуюць старажытныя пячоры, шукаюць месцы, дзе не толькі не было людзей, але нават птушак ды інсектаў. Бяруць пробы грунтоў, вады, наскальных нарасцяў, даследуюць косці старажытнай вымерлай жывёлы. Знойдзеныя ў пячорным возеры 10 штамаў бактэрыяў здольныя прадукаваць больш за 120 злучэнняў, 100 з якіх яшчэ не вядомыя навуцы.

«Якім чынам ува ўмовах 30-40 мільёнаў год сфармаваліся і захаваліся бактэрыі і што яны ствараюць – гэта і ёсць тэмаю нашых даследаванняў», – кажа Дзяніс Аксёнаў-Грыбанаў.

Каб прадукт стаў камерцыйна паспяховым і дайшоў да спажыўца, неабходная процьма навуковых даследаванняў, якія працягнуцца не адзін год і пацвердзяць, што атрыманы антыбіётык – не таксічны ды найлепшы на гэты момант.

Ігар Віняўскі

Каментары