«Расейскі культурніцка-праваслаўны цэнтр выклікаў раздражнёнасць у Парыжы»


Меўся адкрыць культурніцка-духоўны цэнтр і наведаць выставу расейскага мастацтва. У выніку – у Парыж не паедзе. Уладзімір Пуцін перанёс свой парыжскі ваяж, запланаваны на 19-га кастрычніка. Бо замест супольных забаваў французскі бок прапанаваў, адзінае, спатканне ў справе Сірыі.

Магчымы прыезд у Парыж абмяркоўвалі раніцою. Французскі бок запрапанаваў спатканне прэзідэнтаў Расеі ды Францыі толькі і выключна ў справе сірыйскага канфлікту – без абмеркавання іншых тэмаў. Такі фармат прыйшоўся Крамлю не даспадобы.

Яшчэ раней Франсуа Алянд заявіў, што не ўпэўнены, ці жадае сустракацца з Пуціным. З ягоных словаў, пасля расейскіх авіяўдараў па Сірыі ён сумняецца, што такое спатканне можа быць карысным ці неабходным.

У суботу ў Радзе бяспекі ААН Расея наклала вета на французскі праект рэзалюцыі ў справе Сірыі, які прадугледжваў неадкладнае спыненне ваенных дзеянняў у Алепа і сканчэнне вайсковых палётаў над горадам.

Журналістка Анастасія Кірыленка заўважыла, што праваслаўна-культурніцкі цэнтр ужо сам па сабе выклікаў вялікую раздражнёнасць, бо Расея хацела яго збудаваць вышэйшым, чымся дазвалялі нормы ЮНЕСКА. Стыль будынку таксама падаваўся дзіўным парыжанам, а сам цэнтр, які атрымаў дыпламатычны статус, праз сваю блізкасць да французскіх урадавых устаноў мог бы выкарыстоўвацца для праслухоўвання Елісейскага палацу.

«Вядома, што адбылося ва Украіне і ў Сірыі. І нягледзячы на гэта Уладзімір Пуцін, аказваецца, хацеў на самым высокім узроўні ўрачыста адкрываць гэты цэнтр без усялякіх праблемаў. Таму прэса ацэньвае, што адбылося нешта заканамернае. Даўно выспяваў скандал», – заўважыла Анастасія Кірыленка.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu. Фота Flickr / Jean-Pierre Dalbéra