Расейскі грамадскі дзеяч папрасіў прытулку ва Украіне


Расейскі грамадскі дзеяч і пісьменнік Раман Рослаўцаў, вядомы сваёй пратэставаю дзейнасцю супраць рэжыму Пуціна, папрасіў прытулку ва Украіне.

РАМАН РОСЛАЎЦАЎ, ГРАМАДСКІ ДЗЕЯЧ:

«Прычына, чаму я вырашыў прасіць прытулак ва Украіне – немажлівасць працягваць пратэставую дзейнасць у Расеі. Каля майго будынку ў Маскве дзяжурылі супрацоўнікі ФСБ, таму ніякіх рэчаў я з сабой не браў ды прыехаў сюды з нічым».

16 ліпеня Рослаўцаў знік з залі аднаго з маскоўскіх судоў, дзе разглядалася справа аб ягоным арышце за адзінаццатую акцыю актывіста ў масцы Уладзіміра Пуціна. Такім чынам мужчына пратэставаў супраць артыкулу № 212 пункт 1 Крымінальнага кодэксу Расеі, які прадугледжвае турэмнае пакаранне за амаль кожную праяву пратэставай грамадзянскай актыўнасці.

МІКАЛАЙ ЗБАРАШЭНКА, АДВАКАТ РАМАНА РОСЛАЎЦАВА:

«Рослаўцава я сёння сам бачыў у будынку гарадскога суду, але куды ён дзеўся мне невядома, ну і паліцыя таксама не змагла патлумачыць, таму слуханне справы затрымалі на дзве гадзіны»

У кантэксце выкарыстання канстытуцыйнага права на свабоду слова ў Расеі свабодна пачувацца не могуць не толькі актывісты, але і журналісты. У суботу непадалёк рэдакцыі «Эхо Москвы» невядомыя мужчыны здзейснілі напад на журналістку «Новой газеты» Юлію Латыніну. Жанчыну аблілі фекаліямі, а відэа выклалі ў інтэрнэт. Што на гэта маскоўская паліцыя? Праводзіць правяранне.

ЮЛІЯ ЛАТЫНІНА, ЖУРНАЛІСТКА, ФРАГМЕНТ РАДЫЁПРАГРАМЫ «КОД ДОСТУПА»:

«Тыя людзі, якія на мяне напалі, тыя хто мяне абліў лайном, яны павінны былі шмат тыдняў сачыць за мной, натуральна яны трапілі на ўсе відэакамеры і вызначыць іх, калі дзяржава гэтага захоча, не зробіць праблемы».

Жанчына лічыць, што напад звязаны з ейнаю прафесійнаю дзейнасцю, а дакладней з публікацыямі на адрас сябра Пуціна Яўгенія Прыгожына, якога ў СМІ называюць гаспадаром «фабрыкі інтэрнэт-троляў». У Саюзе журналістаў Расеі прытрымліваюцца такога ж меркавання. Арганізацыя апублікавала адмысловы зварот з заклікам знайсці ды пакараць вінаватых у нападзе.

ІК belsat.eu