Расейскі газ – не патрэбны?


ПЁТР НАІМСКІ, ПРАДСТАЎНІК ПОЛЬСКАГА ЎРАДУ Ў СПРАВАХ ЭНЕРГЕТЫКІ:«Мы будзем імкнуцца да сітуацыі, пры якой доўгатэрміновы кантракт зробіцца з’явай мінуўшчыны. Калі кошт на расейскі газ будзе дастаткова канкурэнтаздольны, мы не выключаем, што будзем набываць яго, але не ў межах доўгатэрміновага кантракту».

Варшава адышла ад кантракту ўжо летась, калі набыла толькі 8 мільярдаў кубаметраў газу ў Расеі, рэшту неабходнай сыравіны купілі на нямецкай біржы. Далей Польшча спадзяецца на тэрмінал звадкаванага газу ў Свінаўйсці. Ужо ў чэрвені туды будуць трапляць па 1,5 мільярды кубаметраў газу з год з Катару. Тым не менш, нават мясцовыя адмыслоўцы не вераць у поўную адмову ад расейскага газу.

АНДЖЭЙ ШЧЭНЬСНЯК, АДМЫСЛОВЕЦ У ПЫТАННЯХ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ БЯСПЕКІ, ВАРШАВА:«У нашым рэгіёне расейскі газ нельга нечым замяніць. Могуць толькі часткова прыходзіць пастаўкі з Катару, Амерыкі ці Нарвегіі, але каб у такіх памерах – мала праўдападобна. Хутчэй сітуацыя з большага будзе выглядаць, як цяпер ува Украіне – выкарыстоўваецца расейскі газ, але купляюць яго ў Нямеччыне, Галандыі ці іншых еўрапейскіх краінах».

Нарвежскі і катарскі звадкаваны газ у бліжэйшай будучыні хоць і не заменіць, але створыць сурʼёзную канкурэнцыю прадукцыі «Газпрому», прызнае расейскі адмысловец у газавым і нафтавым рынку Міхаіл Круціхін. А гэта азначае, што і Беларусь можа спадзявацца на доўгачаканую зніжку коштаў.

МІХАІЛ КРУЦІХІН, ЭКАНАМІЧНЫ АНАЛІТЫК:«Унутраная цана газу для прамысловых спажывальнікаў у Расеі – ну, давайце глянем Ленінградскую вобласць – прыкладна $ 66-67 за 1 тыс. кубаметраў. Таму ёсць нагода для спажывальнікаў, хто лічыць сябе хаўруснікамі Расеі, патрабаваць вялікія зніжкі».

Магчыма, сённяшняя гучная заява Варшавы – таксама ёсць толькі захадам у спрэчцы «Газпрому» з мясцовым газавым манапалістам «PGNiG». Польшча ўжо чацвёрты год патрабуе змяншэння цаны, што ўжо чацвёрты год вагаецца ў межах $ 220-250.

АНДЖЭЙ ШЧЭНЬСНЯК, АДМЫСЛОВЕЦ У ПЫТАННЯХ ЭНЕРГЕТЫЧНАЙ БЯСПЕКІ, ВАРШАВА:«Мне падаецца, што гэтая заява – проста карта ў газавай гульні. Рэалізацыю гэтага рашэння цяжка сабе ўявіць, бо Варшава засталася б збольшага пакупніком расейскага газу праз тых жа нямецкіх пасярэднікаў, а нямецкія фірмы без сумневаў выкарысталі б гэта для захопу польскага рынку».

Асаблівасцю фармавання цаны на газ для расейскіх пакупнікоў даўно стала наўпроставая залежнасць коштаў ад двухбаковых дачыненняў паміж краінамі. Паводле адмыслоўца, калі гэта зменіцца, то, можа, і шукаць альтэрнатывы расейскай сыравіне не давядзецца.УШ, «Белсат»