Свет Расейскі дальнабойнікі сканчаць пратэст не збіраюцца


Іх блакуе і разганяе ўзброеная Росгвардыя, прэсуюць сілавікі і не заўважаюць улады, але яны не здаюцца. Расейскія дальнабойнікі па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у бестэрміновым страйку супраць сістэмы збораў «Платон», прызванай нібыта палепшыць якасць дарог у краіне.

Па словах кіроўцаў, гэты падатак знішчае іх бізнэс а грошы падаюць у кішэню сяброў Пуціна – сямʼі Ратэнбергаў. Падрабязнасці – у нашым матэрыяле.

З 27-га сакавіка ў больш як 80-ці рэгіёнах Расеі страйкуюць дальнабойнікі. Спыненыя перавозкі, кіроўцы фармуюць з фураў пратэставыя калоны ці спыняюць аўтамабілі на стаянках і ў гаражах. Страйк абвесцілі бестэрміновы, да выканання патрабаванняў дальнабойнікаў. Яны хочуць поўнай адмены сістэмы «Платон» для расейскіх фураў і рэструктурызацыі яе толькі пад замежных перавознікаў.

На «Платоне» нажываюцца – ну спадзяюся, яшчэ не нажыліся, бо нешта каля 10 млрд рублёў згубіў бюджэт Расеі – нашыя алігархі, сямʼя Ратэнбергаў», – кажа Сяргей Рудаметкін, кіраўнік маскоўскага аддзелу Абʼяднання перавознікаў Расеі.

Супраць сістэмы «Платон» дальнабойнікі пратэстуюць з лістапада 2015-га года. Тады ім удалося дабіцца зніжэння штрафаў за нясплату збораў у дзевяць разоў. Цяпер гаворка пра ўласна падатак. І хоць улады пайшлі на саступкі ды паднялі падатак толькі на 25 %, кіроўцы збіраюцца баставаць да яго поўнай адмены. Паводле іх, у сярэднім для дальнабойнікаў такі падатак, апроч усіх іншых збораў, складае прыблізна 300 тысячаў рублёў за год, гэта непадымная сума.

«Ну няўжо ніхто не можа з ураду выйсці і нам патлумачыць, што не будуць нас заціскаць, нейкія ўмовы ці гарантыі нам даць», – кажа дальнабойнік з Дагестану Айгум Абдулаеў.

Трафік з боку Паўночнага Каўказу спынены, паводле кіроўцаў, на 90 %. У крамах назіраецца перабой з харчамі. Сярод пратэстоўцаў нарастае незадаволенасць з федэральных уладаў, якія ігнаруюць іхныя патрабаванні. Больш за тое, прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што «Платон» прынёс вялікую карысць транспартавай галіне, а супраць збору тыя, хто не хоча працаваць шчыра.

Вось як адказвае на такія заявы адзін з дагестанскіх дальнабойнікаў:

«А цяпер атрымліваецца, што ад Калінінграду да Уладзівастоку – усе правакатары ці што? Не могуць нічога сказаць улады. А народ не патрэбны – мы быдла. Мусім на іх пахаць, ствараць багацце краіны. Расея займае трэцяе месца ў свеце па мільярдэрах, а ўзровень жыцця афрыканскі».

Дальнабойнікам, які былі не толькі ў розных рэгіёнах Расеі, але і ў іншых краінах, ёсць з чым параўнаць расейскія дарогі, укласціся ў рамонт якіх, заплаціўшы падатак, ім прапаноўваюць улады.

«Смешна робіцца, калі нас параўноўваюць з Еўропаю», адзначаюць яны.

«Яны параўноўваюць з Беларуссю. У Беларусі дзяржаўная аплата і паглядзіце, якія там дарогі. Праз 20 кіламетраў «кішэня», стаянка, прыбіральня. А тут у нас што?» – абураецца Тэймураз Гадзалаў, дальнабойнік з Дагестану.

Доўгі час дальнабойнікі намагаліся не выказваць свайго незадавальнення з прэзідэнта Расеі. Аднак пасля нявыкананага абяцання Пуціна адмяніць транспартавы падатак узамен за »Платон«, а таксама пасля суворых разгонаў сілавікамі кіроўцаў, якія страйкуюць, і арыштаў лідараў пратэсту, пазіцыя кіроўцаў паступова мяняецца. Галасаваць за Пуціна ў 2018 годзе не будзем, заяўляе шмат хто.

«І калі людзі кажуць: «Дзе вы былі тады на Балотнай?», мы адказваем: «Не важна, дзе мы былі тады, важна, дзе мы цяпер», – адзначае каардынатар пратэсту Андрэй Бажуцін.

Пратэстоўцаў забяспечваюць ежаю мясцовыя жыхары, а супраць разгонаў фур з стаянак ім дапамагаюць змагацца таксоўцы.

Учора ў Пецярбурзе адбыўся цацачны аўтапрабег дальнабойнікаў. Прыхільнікі пратэстоўцаў каталі па асфальце цацачныя фуры, трактары ды бензавозы. А потым сабраліся ды разышліся па дамах. А вось кіроўцы сапраўдных фураў збіраюцца стаяць да перамогі.

Глядзіце таксама:

Маша Макарава, belsat.eu

Каментары