Свет Ракеты Пхеньяну: КНДР і ЗША дэманструюць рашучасць


У Пхеньяне пагражаюць запусціць ракету з ядравай бомбай – у любы момант і ў любую кропку Зямлі. У Вашынгтоне рыхтуюцца збіваць гэтыя ракеты.

Пекін ды Ватыкан заклікаюць усе бакі да спакою.

Калі верыць дзяржаўнаму тэлебачанню КНДР, войскі Кім Чэн Ына ўжо сёння ў стане паразіць ракетаю Злучаныя Штаты або іншую краіну і толькі чакаюць загаду свайго камандуючага. Такімі пагрозамі Кім Чэн Ын дамагаецца, каб з Паўночнай Карэі знялі міжнародныя санкцыі, што перашкаджаюць ёй нарошчваць ядравы арсенал і канвенцыйныя віды ўзбраенняў.

«Відавочна, уся віна ляжыць на Злучаных Штатах, якія штурхалі нас да распрацоўвання міжкантынентальнай балістычнай ракеты, калі адчайна ўжывалі анахранічную варожую палітыку супраць нас, дзесяцігоддзямі замахваючыся на наш суверэнітэт і жыццёва важныя правы», – паведаміла дыктарка тэлебачання КНДР.

У Вашынгтоне прызналі, што паўночнакарэйская ядравая праграма нясе непасрэдную пагрозу амерыканскай тэрыторыі. Але Пэнтагон увесь час на крок наперадзе Пхеньяну. І калі ракета паляціць на ЗША або кагосьці з амерыканскіх саюзнікаў, яе сабʼюць.

«Мы стараемся працаваць на апярэджанне і працуем на апярэджанне з нашымі супрацьракетнымі комплексамі, каб гарантавана абнавіць іх колькасць і тып, каб быць упэўненымі, што можам абараніцца. Мы разгарнулі супрацьракетную абарону ў Паўднёвай Карэі, Японіі, на Гуаме і маем там 28,5 тыс. вайскоўцаў», – заявіў міністр абароны ЗША Эш Картэр.

У Сеуле і вайскоўцы, і палітыкі пільна сочаць за дзеяннямі паўночнага суседа, але кажуць найперш пра міжнародныя санкцыі.

«Калі КНДР не возьме да ўвагі нашае папярэджанне і запусціць міжкантынентальную балістычную ракету, атрымае мацнейшыя і дакладнейшыя санкцыі ды ціск міжнароднай супольнасці», – адзначыў спікер міністэрства абароны Паўднёвай Карэі.

Іншы сусед КНДР – Кітай – спрабуе выступіць у ролі міратворца і заклікае ўсіх не рабіць рэзкіх рухаў. Ды нагадвае, што Пхеньян не мае права на небяспечныя міжкантынентальныя пускі.

Вось такую заяву зрабіў Лу Кан з міністэрства замежных справаў Кітаю:

«Рэзалюцыя Рады Бяспекі ААН мае дакладную фармулёўку пра запуск балістычнай ракеты КНДР».

Пра карэйскія ракеты і супрацьракеты сёння выказаўся нават кіраўнік Каталіцкага Касцёлу ў сваім штогадовым звароце да замежных дыпламатаў.

«Асабліва трывожаць эксперыменты на Карэйскам паўвостраве, якія дэстабілізуюць увесь рэгіён і ўзнімаюць пытанні для ўсёй міжнароднай супольнасці пра рызыку новай гонкі ядравых узбраенняў», – заўважыў Папа Рымскі Францішак.

Наколькі верагодная гэтая пагроза з боку КНДР для кантынентальнай часткі Злучаных Штатаў, цяпер разбіраюцца эксперты і вайскоўцы. На гэтых выходных беглы паўночнакарэйскі дыпламат распавёў, што КНДР плануе скончыць міжкантынентальную балістычную ракету з ядравай боегалоўкаю да канца 2017-га года. Паўднёвакарэйскае Нацыянальнае агенцтва выведкі кажа пра 2020-ты год. Аднак усе адзначаюць прагрэс ядравай праграмы Кім Чэн Ына.

Чытайце таксама:

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Тэгі: 
Каментары