Рада Еўропы складзе справаздачу пра забойства Барыса Нямцова


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGcExxNTJyVEJ2djglMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Распрацаваць справаздачу аб забойстве Барыса Нямцова. Гэткая мэта сённяшніх слуханняў у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. І хоць Следчы камітэт Расеі раней заяўляў пра тое, што забойства Барыса Нямцова раскрытае, шматлікія важныя пытанні так і не прагучалі ў апублікаванай фінальнай версіі абвінавачвання.Адмысловая справаздача парламенцкай асамблеі Рады Еўропы аб забойстве Барыса Нямцова. Пра стварэнне такога дакументу сёння ў Страсбуры прынялі рашэнне сябры ПАРЭ. Адна з прапановаў ініцыятараў слухання – выпрацоўка афіцыйнага прававога міжнароднага механізму расследавання забойстваў палітыкаў ды апазіцыянераў і кантролю над следствам.

ВОЛЬГА ЛАЎРЫНЕНКА, ПАЛІТОЛАГ:«Расея ў прынцыпе аддаляецца ад Рады Еўропы, таму практычнае значэнне гэта наўрад ці ў найбліжэйшы час будзе мець, але сімвалічна гэта будзе важнае расследаванне».

Былога віцэ-прэм’ера Расеі забілі летась 27 лютага. Ужо праз 2 тыдні ў інтэрвю брытанскаму Бі-Бі-Сі дачка палітыка казала пра тое, што не мае веры ў расейскае следства.

ЖАННА НЯМЦОВА, ДАЧКА БАРЫСА НЯМЦОВА:«Я ведаю, што некаторыя заходнія палітыкі, не ведаю наколькі гэта сурʼёзна, збіраюцца правесці міжнароднае расследаванне, я думаю, што гэта правільна. Таму што ў Расеі няма правасуддзя, няма ніякіх незалежных судоў, няма ніякага незалежнага расследавання».

У ПАРЭ ўжо тады абмяркоўвалі магчымасць пачаць міжнароднае следства. Але Еўрапейскія парламентары пакінулі расейскаму боку час і магчымасць самім разабрацца ў гэтай рэзананснай справе. Але не разабраліся ці не захацелі разабрацца.

ВОЛЬГА ЛАЎРЫНЕНКА, ПАЛІТОЛАГ:«Замоўнікі гэтага злачынства знаходзяцца на вяршыні чачэнскай улады, чачэнскай уладнай піраміды, з акружэння Кадырава. Таму што выканаўцы – удзельнікі батальёну «Север», яго яшчэ называюць спецназам Кадырава».

На слуханнях у ПАРЭ выступілі дачка забітага палітыка – Жанна Нямцова, старшыня партыі «ПАРНАС» Міхаіл Касьянаў, дырэктар Фонду Барыса Нямцова Вольга Шорына ды каардынатар руху «Адкрытая Расея» Уладзімір Кара-Мурза-малодшы.Апошні сам ледзь не стаў ахвяраю. Летась у траўні палітыка раптоўна шпіталізавалі. Пазнейшыя экспертызы выявілі анамальнае перавышэнне ў арганізме шэрагу цяжкіх металаў. Палітык звярнуўся ў Следчы камітэт з заяваю аб завядзенні крымінальнай справы пра атручванне.

АНАСТАСІЯ СЯРГЕЕВА, АСАЦЫЯЦЫЯ «ЗА СВАБОДНУЮ РАСЕЮ»:«Безумоўна, жаданне таго, каб вінаватыя ў гэтым злачынстве былі пакараныя, – яно вельмі вялікае, яно такое ж вялікае, як і жаданне, каб адказнасць панеслі забойцы і замоўнікі забойства Барыса Нямцова».

А таму магчымае новае следства і новыя «гучныя» абвінавачанні.Днямі медыі ўсяго свету паведамлялі пра высновы грамадскага следства ў Лонданскім высокім судзе – Уладзімір Пуцін, верагодна, адобрыў забойства экс-афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі.Але пра свой імідж, моцна папсаваны гучнымі справамі, Крэмль, відаць, ужо не клапоціцца. Расейская дэлегацыя на сесіі ПАРЭ не прысутнічала. Але кіраўнік Расейскае дэлегацыі ў гэтай арганізацыі мае сваё меркаванне наконт матываў забойства Нямцова.

АЛЯКСЕЙ ПУШКОЎ, КІРАЎНІК КАМІТЭТУ МІЖНАРОДНЫХ СПРАВАЎ ДЗЯРЖДУМЫ РФ:«Махавік антырасейскай прапаганды, відавочна, меў патрэбу ў дадатковым сілкаванні. Забойства вядомага апазіцыянера ў цэнтры Масквы гарантавана трапляе на першыя старонкі сусветных медыяў. І выконвае сваю галоўную задачу, абгрунтаваць лінію на далейшую ізаляцыю Расеі».

Таму верыць у тое, што расейскае кіраўніцтва прыслухаецца да высноваў Рады Еўропы або будзе супрацоўнічаць з міжнародным расследаваннем у справе аб забойстве Нямцова, не выпадае.ЯБ, belsat.eu