Свет Пяскоў назваў «творчасцю» расследаванне Навальнага ў справе карупцыі Мядзведзева


Расейскія ўлады адрэагавалі на расследаванне ФБК датычна буйных махінацыяў з нерухомасцю Дзмітрыя Мядзведзева. Як заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, у Крамлі справаздачы аб карупцыі прэмʼер-міністра не чыталі ды не збіраюцца.

І ў Крамлі, і ў доме ўраду Расеі абвінавачанні Мядзведзева ў карупцыі назвалі беспадстаўнай і не вартай увагі прапагандай. А ўсё таму, што Фонд барацьбы з карупцыяй заснаваў Аляксей Навальны, былы палітвязень, які збіраецца балатавацца на выбарах прэзідэнта ў наступным годзе.

«Каментаваць прапагандысцкія выпады апазіцыйнага і асуджанага персанажа, які заявіў, што ўжо вядзе нейкую перадвыбарчую кампанію і змагаецца з уладаю, бессэнсоўна», – кажа прэс-сакратар Дзмітрыя Мядзведзева Наталля Цімакова.

ФБК апублікаваў расследаванне напярэдадні. Паводле каманды Навальнага, збор інфармацыі пра маёмасць расейскага прэмʼер-міністра быў самым маштабным і дарагім у гісторыі Фонду. Вынікі паказалі, што Дзмітрыя Мядзведзева дарма лічаць толькі смешным чыноўнікам і аўтарам крылатых выразаў.

«Проста грошай няма. Знойдзем грошы – зробім індэксацыю. Вы трымайцеся, вам усяго добрага, добрага настрою і здароўя», – сказаў жыхарам Крыму Дзмітрый Мядзведзеў.

Працаўнікі Фонду барацьбы з карупцыяй знайшлі і знялі ўсе рэзідэнцыі Мядзведзева ў Расеі і за мяжой, знайшлі ўсе яхты, на якіх катаецца Мядзведзеў з жонкай, прааналізавалі дакументацыю афшораў. Выснова ФБК: Дзмітрый Мядзведзеў – стваральнік шматузроўневай карупцыйнай схемы, які з хабараў алігархаў і дзяржаўных крэдытаў купіў сабе праз падстаўных асобаў раскошныя палацы, італьянскія вінаграднікі, вялізныя рэзідэнцыі ды шмат чаго яшчэ. Трапіць на след дапамаглі модныя красоўкі, якія Мядзведзеў дзясяткамі замаўляў таксама праз падстаўных асобаў.

«Да гэтага фільма прыкладаецца вялізны і вельмі цікавы тэкст з расследаваннем. У ім сабраныя неабвержныя доказы ўсяго таго, пра што я вам распавядаю», – сказаў кіраўнік Фонду барацьбы ў карупцыяй Аляксей Навальны.

Уся раскоша зарэгістраваная на фонды, у тым ліку дабрачынныя. Фондамі кіруюць сваякі і давераныя асобы Мядзведзева. Сёння некаторыя з іх, у тым ліку былы аднакурснік Мядзведзева, таксама назвалі публікацыю «інфармацыйным укідам» і выдумкай. Тым не менш, каманда Аляксея Навальнага ўжо звярнулася ў Следчы камітэт Расеі з патрабаваннем распачаць крымінальныя справы адносна прэмʼер-міністра.

«Мне падаецца, што гэта такая гульня ў нейкую дэмакратыю расейскага сачынення. І нічым гэта не скончыцца. Бо ў Расеі існуе цэнзура, існуе кантроль над дзяржаўнымі медыямі, пра гэта будуць ведаць толькі людзі, што карыстаюцца інтэрнэтам», – каментуе справу Алег Панфілаў, прафесар дзяржаўнага ўніверсітэту Іліі, Грузія.

У ФБК таксама не чакаюць справядлівасці ад Следчага камітэту, і лічаць, што ўся сістэма расейскай улады прасякнутая карупцыяй.

«І Мядзведзеў можа красці так шмат і так адкрыта, бо і Пуцін робіць тое самае, толькі ў яшчэ большым маштабе. Бо ва ўрадзе ўсе гэта робяць, бо кіраўнікі судоў, пракуратураў і спецслужбаў робяць тое самае», – кажа кіраўнік Фонду барацьбы ў карупцыяй Аляксей Навальны.

Але людзі мусяць ведаць.

belsat.eu

Каментары