«Прыслухайцеся да нас!» Кранальная прамова маці да Лукашэнкі


Генпракурор Аляксандр Канюк тэрмінова едзе ў камандзіроўку, а таму ягоная заўтрашняя сустрэча з жанчынамі-галадоўніцамі, абяцаная ім чыноўнікамі напярэдадні, адкладаецца на няпэўны тэрмін. А законапраект, які мае змякчыць крымінальны артыкул 328, чаго і дамагаюцца ўдзельніцы роспачнай акцыі, дагэтуль не паступіў у парламент. Вы ўяўляеце сабе цынізм сітуацыі? Галадаюць не здаровыя ружовашчокія гіцалі, адкормленыя на дзяржаўных харчах, а звычайныя беларускія жанчыны, найперш, далёка не маладога ўзросту, некаторыя маюць інваліднасць. Галадаюць ужо тыдзень. Ці варта гаварыць пра тое, што літаральна кожны дзень можа скончыцца трагедыяй?

У «Гарачым каментары» – Наталля Шарыпа, маці асуджанага паводле арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Ейнаму сыну далі 14 гадоў зняволення, на той момант хлопцу было 20 гадоў.

Жанчына збіралася сёння занесці ў гарвыканкам у Віцебску заяву аб галадоўцы, але не змагла гэтага зрабіць. Спачатку яна раніцай напісала паведамленне пра візіт у «Viber» і патэлефанавала адной сваёй напарніцы, якая мелася далучыцца, паведаміўшы час сустрэчы.

Побач з гарвыканкамам Наталля Шарыпа пабачыла «хвост» – мужчынаў спартовага выгляду, якія хадзілі за ёй, фатаграфавалі.

Маці здзіўляецца, чаму ў краіне палююць на жанчын і на дзяцей, і праз тэлеканал «Белсат» звяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі:

«Я звяртаюся да вас, Аляксандр Рыгоравіч. Звярніце ўвагу на нас. Вы нядаўна сказалі, што можна зрабіць квітнеючую прыгожую Беларусь. Звярніце ўвагу на нас, калі ласка, мы можам яе зрабіць квітнеючай, прыгожай, шчаслівай, з вясёлымі тварамі. Калі ласка, прыслухайцеся да нас…»