Прыехаў «Белсат» – і грошы для шматдзетнай сям’і знайшліся


Шматдзетная сям’я Ірыны і Сяргея Яску з Валожыну тры гады не магла атрымаць частку крэдыту на будаўніцтва жылля.

У 2015-м вылучылі першы транш крэдыту, на які сям’я набыла будаўнічыя блокі. Але далей справа не пайшла. У выканкаме, прэзідэнцкай адміністрацыі, ад дэпутатаў быў адзін адказ: няма грошай.

«Каб атрымаць гэты крэдыт, мы мусілі за ўласныя сродкі зрабіць фундамент. Мы пазычылі грошай, узялі крэдыт і зрабілі. На гэта пайшло каля $ 10 тыс. – некаторыя пазыкі аддаем дагэтуль», – распавядае Ірына Яску.

«Замарожаныя» будматэрыялы і фундамент рассыпаюцца. Тым часам сям’я з сямі чалавек працягвае жыць у здымнай трохпакаёўцы, выдаткоўваючы на арэнду вялікія грошы.

«Дзяржава паабяцала дапамагчы нам грашыма, каб дабудаваць гэты дом. А ў выніку – мы губляем час, будматэрыялы, бо завершыць працы ў нас уласных сродкаў папросту няма. Атрымоўваецца, што абяцанкі – гэта адно, а ў рэчаіснасці – зусім іншае», – разводзіць рукамі Ірына Яску.

Але пасля таго, як у справу ўмяшаўся тэлеканал «Белсат», у гісторыі з’явілася пазітыўная развязка. Калі мы рыхтавалі праграму да эфіру, Ірына Яску паведаміла, што дзякуючы «Людскім справам» праблема зрушылася з месца:

«Раптам нам патэлефанавалі з банку і сказалі, што прыйшла патрэбная сума і мы тэрмінова мусім іх атрымаць і да верасня нам выдадуць усе запрошаныя грошы».

Гісторыя іншай гераіні праграмы Яўгеніі Кузьміцкай з Менску – менш аптымістычная. Яўгенія – маці-адзіночка і гадуе сваіх чацвярых дзяцей у здымнай аднапакаёўцы. Жанчына не можа не толькі атрымаць ільготны крэдыт ці сацыяльнае жыллё, але нават стаць на чаргу.

«У выканкаме мне сказалі: едзьце туды, адкуль прыехалі. Вы не маеце права на жытло, бо не маеце дзесяці гадоў рэгістрацыі. Якія дзесяць гадоў і чаму – незразумела».

Яўгенія таксама звяртае ўвагу на тое, што некаторыя атрымальнікі ільготнага здаюць яго і нават прадаюць. А таму, каму рэальна няма дзе жыць, займець сваё жыллё амаль нерэальна.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.