Прэзентацыя Парку мініяцюраў


Сертыфікаты, падзякі, апладысменты. На сядзібе Родзевічы прайшла прэзентацыя Парку мініяцюраў замкаў Вялікага Княства Літоўскага.

АЛЕСЬ ВАРЫКІШ, ДЫРЭКТАР ФОНДУ «КРАІНА ЗАМКАЎ»:

«Тут маем парк, і тут мы вырашылі зрабіць некалькі макетаў Вялікага Княства Літоўскага, на гэтым месцы будуць Гальшаны, там трошкі далей будзе Каменец, будзе Крэва…»

Тэрыторыя пад парк ужо падрыхтаваная: распланаваная зямля, выбраныя камяні ды пасеяная трава. Засталося размясціць мініяцюры замкаў і храмаў.

АЛЕСЬ ВАРЫКІШ, ДЫРЭКТАР ФОНДУ «КРАІНА ЗАМКАЎ»:

«Гэта мусіць быць гаспадарчы аб’ект. Сюды мусяць прыязджаць турысты, гэта мусіць быць агароджа, платы, квіткі. Каб можна было зрабіць і камеры і ахоўнікі, ведаеце, каб аб’ект мог сам сябе забяспечваць».

Ідэя стварэння парку была заяўленая яшчэ ў канцы мінулага года. Віртуальныя мадэлі ў маштабе 1:25 друкуюцца з пластыка на 3D-прынтары. На гэты момант ужо надрукаваная Камянецкая вежа ды рэшткі Камайскага касцёлу-крэпасці. Засталося склеіць, пашпакляваць, пафарбаваць і ўсталяваць на падрыхтаванае месца.

ІГАР СТАНКЕВІЧ, ПРАЕКТ «ПАРК МІНІЯЦЮРАЎ ЗАМКАЎ І ХРАМАЎ ВКЛ»:

«Працэс ідзе вельмі марудна. Таму што і з друкаркамі нейкія праблемы ўзнікаюць, трэба наладжваць, і тэхналогія яшчэ не адпрацаваная».

Адна з друкарак была нядаўна набытая ў межах кампаніі збору сродкаў на Talaka.by, яна мае значна паскорыць працэс.

АЛЯКСАНДР ЯКАЎЛЕЎ, ФУНДАТАР ПРАЕКТУ:

«Гэта вельмі выдатны праект, і такіх праектаў мусіць быць шмат. Тут, за 30 кіламетраў, за 100, за 200. Уся Беларусь мае быць у падобных праектах, каб беларусы ведалі сваю гісторыю».

ВАЛЕРЫЙ МАЗЫНСКІ, ФУНДАТАР ПРАЕКТУ:

«Трэба падтрымліваць, любым шляхам. Хто можа – сродкамі, хто можа – самім сабой, сваймі здольнасцямі».

У зборы сродкаў і ў добраўпарадкаванні тэрыторыі ўжо паўдзельнічалі каля ста чалавек.

Сваім выступам праект падтрымаў і Зміцер Вайцюшкевіч.

Іншыя тэмы: Ці ёсць фотадакументалістыка мастацтвам – выстава аднаго вечара ў галерэі tut.by. «Re1ikt» – сярод улюбёных гуртоў амерыканскага тэлевядоўцы.

Ірына Дарафейчук, Вольга Чайчыц belsat.eu