Прэмʼеры тыдня: «Джэкі» ды «Тоні Эрдман»


Я, нават, не сачу, што там адбываецца ў сувязі з днём 23-га лютага. Для Беларусі гэтая дата, здаецца, увогуле не мае вялікага сэнсу. У любым выпадку размаўляць пра нецікавыя фільмы ў нашым кінапракаце – не будзем. Досыць сціпла, але ў нас распачынаецца ўсё ж такі пракат двух неблагіх, праўда, не вельмі камерцыйных стужак, пра іх акурат зараз і пагаворым.

Першае – гэта бенефіс Нэталі Портмэн. Фільм, які сёлета атрымаў 106 намінацыяў на розных фестывалях і прызавых цырымоніях. У яго скарбонцы ўжо 24 прыза, ці дадуць Нэталі Оскара – даведаемся пра гэта неўзабаве.

Сама Нэталі кажа, што гэта вельмі прыемна, калі яе літаральна ўсюды асыпаюць прызамі, але часу на гэта не стае, бо яна цяпер чакае другое дзіцё ад свайго мужа, харэографа Бэнжаміна Мільпʼе.

Датычна фільма з назваю «Джэкі» – дык гэта гісторыя жонкі амерыканскага прэзідэнта Кенэдзі. Нэталі паказвае гераіню тады, калі яна была першай лэдзі, затым у дзень забойства яе мужа і затым – што адбывалася ў ейным жыцці пасля таго няшчасця. Кажуць, што акторка стварыла моцны і складаны вобраз.

Наталі Портмэн цяпер 35. Яна грамадзянка ЗША, Ізраіля і хоча атрымаць французскае грамадзянства.

Піяр стужкі распачаўся на Венецыянскім фестывалі, ён не быў аглушальным. Бо гісторыю «Джэкі» знялі з бюджэтам усяго $ 9 млн, але стужка ўжо зарабіла ў міжнародным пракаце амаль $ 20 млн. Такім чынам «Джэкі» – адзін з прыкметных сюрпрызаў беларускага пракату на гэтым тыдні.

Пагаварыць пра наступны фільм ёсць некалькі інфармацыйных нагодаў. Нямецкая камедыя з назвай «Тоні Эрдман» сёлета прэтэндуе на Оскара ў секцыі «Неангламoўны фільм». І што цікава, правы на галівудскі рымейк стужкі ўжо набылі. Часопіс «Variety» апублікаваў інфармацыю, што галоўную ролю ў тым рымейку згадзіўся граць сам Джэк Нікалсан, які ўжо 7 гадоў адпачываў, ў красавіку яму споўніцца 80.

Адразу ўсюды пачалі згадваць біяграфію і найлепшыя фільмы Нікалсана. І пра меладраму з назвай «Хто яго ведае?», якая ў 2010-м гучна правалілася ў пракаце. У новым, досыць нечаканым, праекце паплечніцай славутага дзеда будзе акторка Крыстын Уіг.

Датычна арыгінальнай стужкі – нямецкай «Тоні Эрдман», дык гэта гісторыя старога бацькі, які з дапамогай розных штукарскіх рэчаў хоча аднавіць кантакт са сваёй дачкой ды змяніць ейнае жыццё ў лепшы, лёгкі, радасны, летуценны бок.

Дарэчы, бюджэт «Тоні Эрдман» усяго 3 млн еўраў. Фільм нетыповы, атрымаў прыз ад Еўрапарламента і ўжо атрымаў 5 узнагарод на цырымоніі кінапрызоў абʼяднанай Еўропы, у тым ліку і як найлепшы фільм 2016 года.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu