«Прэмʼера тыдня»: «Джон Ўік-2», «50 адценняў цемры», кінафестываль Берлінале


Шчыра, мне падабаецца актор Кеану Рыўз. І не вельмі падабаецца гісторыя пра 50 адценняў чорнага. Апошнім часам мне НЕ падабаецца Берлінскі кінафестываль і тамтэйшыя акцэнты. Зараз паспрабую вызначыцца з усім пералічаным: што, як, чаму? І пачну з кінафестывалю Берлінале, бо ён адкрываецца сёння!

Жывому класіку, галандскаму рэжысёру Полу Верхувену цяпер 78. Ён праславіўся яшчэ напачатак 70-х фільмам «Турэцкі фрукт». Ён здымаў галівудскія блокбастары як «Рабакоп», «Згадаць усё» ці «Галоўны інстынкт». Здымаў бясконцы шэраг дарослых артхаўзных драм… Нават, летась, ягоны сада-мазахісцкі фільм «Яна» меў поспех у Канах, а нядаўна гэты фільм і актрыса Ізабэль Юпэр атрымалі «Залатыя глобусы»… «Яна» дэманстравалася ў беларускім пракаце ўвосень.

Цяпер Пол Верхувен працуе прэзідэнтам журы кінафестывалю Берлінале. Чакаецца, што лявацкія акцэнты фестывалю зменяцца з гэтай прычыны. Даведаемся пра гэта пад канец Берлінале – 18 лютага.

А пакуль што пабываем у Лас-Анджэласе на прэмʼеры новага экшн-фільма з удзелам Кеану Рыўза «Джон Уік, частка 2»

Упершыню пасля «Матрыцы» Кеану зноў здымаецца разам з Лoўрэнсам Фішбурнам. На прэмʼеру прыйшла, нават, Кэры Эн Мос, паплечніца Кеану па «Матрыцы».

А Фішбурн падкрэсліў:

– Здаецца, мы добра ведаем адзін аднога, бо жылі побач на здымках гадоў 7. Я сказаў Кеану, што мне спадабалася першая частка «Джона Ўіка», вось і вынік: цяпер у мяне адна з галоўных роляў ў другім фільме.

Цікава, што пры падрыхтоўцы да здымкаў гэтага фільма Кеану Рыўз навучыўся страляць з 2-х пісталетаў адразу ў бліжняй бойцы. У сеціве ёсць відэа з гэтай адукацыяй… Актору, дарэчы, цяпер ужо 52.

– Я не браў удзелу ў стварэнні трукаў. Досыць цяжка. Але здымаўся ў экшн-сцэнах сам. Па-ранейшаму мяне захапляе джыў-джыцу і дзюдо, таму пакуль што з гэтым праблемаў няма.

Рэжысёрам тут працаваў Чад Стахельскі, які падчас «Матрыцы» быў усяго толькі каскадзёрам.

Карацей, у нас зʼявіцца магчымасць праверыць, што змянілася ў прыгодах Джона Ўіка пасля 9-га лютага, калі фільм пойдзе ў беларускім пракаце.

І яшчэ адна прэмʼера чакае нас 9-га лютага

Досыць сумнеўны падарунак каханкам на Валянцінкі… Працяг вядомага гіта «50 адценняў шэрага» цяпер «Цямнейшы на 50 адценняў». Стужка выклікае нянавісць у мужчынскай часткі аўдыторыі і кінакрытыкаў, але юныя дзяўчаты захапляюцца гэтым сюжэтам. Яны, нават, прагаласавалі, каб герой хадзіў ня паголены, але са шчаціннем. Ён і ходзіць цяпер так.

Таксама цікава, што тут запрасілі зняцца Кім Бэйсінгер… Гэткая паралель з колішнім гітом «9 з паловай тыдняў».

Галоўную песню фільма выканалі, дарэчы, Зайн і Тэйлар Суіфт. Першая частка гэтага опуса ў 2015-м сабрала 570 мільёнаў долараў у глабальным пракаце.

Сяргей Філімонаў