Прэмʼер Вялікай Брытаніі выступае за Еўразвяз


ДЭЙВІД КЭМЭРАН, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:«Мы маем свой адмысловы статус у Еўразвязе. Мы захавалі сваю валюту ды нашыя межы. Сяброўства Вялікай Брытаніі ў ЕЗ – гэта правільны крок. Яно дае нам магчымасць паспяхова весці гандаль, а таксама супрацоўнічаць з іншымі краінамі ў самых розных галінах. Гэта дае нам акрэсленыя карысці».

Зусім інакш лічыць лідар Партыі незалежнасці Найджэл Фэрыдж, які ў дэбатах прэзентаваў усіх прыхільнікаў «Брэкзіту».

НАЙДЖЭЛ ФЭРЫДЖ, ПАРТЫЯ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ:«Еўразона – гэта катастрофа. Паглядзіце, што яны зрабілі з Грэцыяй і міжземнаморскімі краінамі. Крызіс вакол мігрантаў – гэта не толькі раскол Еўразвязу. Адбываецца ціск унутры краінаў – там з’явяцца палітыкі новага кшталту. Яны рыхтуюць нам неспадзяванку на наступны дзень пасля рэферэндуму – абвесцяць нам аб стварэнні еўрапейскай арміі ды пра свой павялічаны бюджэт».

Палітычныя дэбаты выклікаюць рэакцыю жыхароў краіны. Паводле апошніх даследаванняў, прыблізна 40 % грамадзянаў Вялікай Брытаніі гатовыя галасаваць за выхад са структураў Еўрапейскага Звязу. Больш за 50 % жадаюць застацца.

ЖЫХАРЫ ЛОНДАНУ:«Я не ведаю, якія наступствы будзе мець «Брэкзіт» для моладзі. У мяне малыя дзеці. Я б хацела, каб мы засталіся. Так прасцей атрымаць працоўныя месцы, свабодна перамяшчацца, мець доступ да рынку. Я вымушаная галасаваць за тое, каб застацца».«Людзі хочуць атрымаць станоўчы прыклад выхаду з Еўрапейскага Звязу, які мусіць супрацьдзеяць кампаніі страху».

Страта рынкаў, зніжэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва, інфляцыя, падзенне ВУП – гэта толькі некаторыя страты, якія можа прынесці «Брэкзіт». Занепакоенасць выказваюць і навукоўцы. Выхад з Еўрапейскага Звязу можа паўплываць і на навуковыя даследаванні.

ДЖУЛЬЯН ГУПЭРТ, НАВУКОВЕЦ:«Будзе складаней атрымаць грошы. Цяпер ідзе дастатковая колькасць грошай, якія ўкладваюцца ў навуку. Калі адбудзецца «Брэкзіт», у групу рызыкі трапяць універсітэты, а, значыць, даследчая база будзе слабейшая».

Вырашаць лёс краіны жыхары Вялікай Брытаніі будуць 23 чэрвеня. У гэты дзень пройдзе адмысловы рэферэндум.Ян Бабіцкі, «Белсат»