Прэм'ер Італіі ідзе ў адстаўку. Для Еўразвязу пачынаецца галаўны боль


Малады і поўны энергіі, уварваўся, як бура, на італьянскую палітычную сцэну. І гэтак жа з яе сыходзіць. Прэм’ер Матэа Рэнцы паставіў усё на адную карту. Прайграў рэферэндум – і абвяшчае пра адстаўку. Хваля радасці на італьянскіх вуліцах. І галаўны боль для Аб’яднанай Еўропы.

Песня італьянскага прэм’ера Матэа Рэнцы спетая. Рэферэндум стаўся фінальным акордам.

«Я прайграў – і кажу пра гэта гучна. У мяне ком у горле, бо мы ж не робаты. Я не здолеў перамагчы, але рабіў, паверце, усё, што лічыў патрэбным і мог на гэтай сцэне», – заявіў прэмʼер Італіі Матэа Рэнцы.

Сцэна вызваляецца. І для еўраскептычнай ініцыятывы «Скажы «НЕ» ўсё толькі пачынаецца. Папярэднія вынікі даюць прыблізна 40 % Рэнцы, але 60 % – ягоным апанентам.

Пратэстоўцы адзначаюць:

«Перамога ініцыятывы «НЕ» – гэта важны сігнал, бо паказвае, што людзі стомленыя жорсткай эканоміяй, неаліберальнаю палітыкаю Рэнцы ды папярэдніх урадаў».

«Самае галоўнае – спыніўся гэты цыкл. Гэтая перамога пакладзе канец цыклу рэформаў апошніх гадоў».

Сённяшні дзень аднак не такі добры ні для Рэнцы, ні для Еўразвязу. Ідзецца пра магчымага новага прэм’ера – дзейснага міністра фінансаў П’ера Карла Падаана і працяг палітыкі ўраду. У іншым выпадку – новыя выбары. Пра апошні сцэнар эксперты гавораць як магчымы хаос і нават прыход да ўлады ў Італіі папулістаў.

«Неадкладна трэба правесці новыя выбары. Магчыма, з прапарцыйнаю сістэмаю галасавання, якая дазволіць кожнаму грамадзяніну выбраць сваю партыю без усялякіх хітрыкаў ці неспадзяванак большасці/меншасці», – падкрэсліў прадстаўнік прафесійнага звязу Пʼерпаўлё Леанардзі.

Біржы на навіну адрэагавалі чырвоным колерам. Рэзка патаннеў і еўра адносна долара. А ўсё таму, што прапановы Рэнцы на рэферэндуме датычылі зменаў у кірунку ашчаджэнняў ды скарачэння бюракратычнага апарату: скасаванне двухпалатнага парламенту, зніжэнне коштаў палітычнага кіравання, пашырэнне наўпроставай дэмакратыі. Аднак уся апазіцыя была супраць, бо ўрад мог атрымаць вельмі шырокія паўнамоцтвы. Цэнтра-левы, наймаладзейшы за ўсе часы італьянскае палітыкі – 41-гадовы – прэм’ер, пераканаць не здолеў ды напужаў аўтарытарызмам. І цяпер гэта ўжо не ягонае «так» ці «не», але і ўсёй Еўропы.

«Мяркую, гэткім галасаваннем італьянцы казалі «НЕ» не толькі рэформе Канстытуцыі, але і цвёрдае «НЕ» палітыцы кіраўніцтва Еўразвязу», – заўважыла прадстаўніца ініцыятывы «Скажы «НЕ» Даньеля Мэнкарэллі.

І гэтыя словы гучаць небяспечна – асабліва пасля брэкзіту ды агульнае тэндэнцыі да еўраскептыцызму.

Але за эйфарыяй перамогі ідзе пытанне, як развязаць не толькі палітычны, але і гаспадарчы крызіс у Італіі, якая мае велізарныя эканамічныя праблемы.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»