«Пражыў жыццё як сапраўдны артыст». Ціхановічу сёння споўнілася б 65


Да юбілею знакаміты артыст не дажыў паўгода: апошнім часам ён змагаўся з рэдкаю хваробаю лёгкіх. Па сабе артыст пакінуў песні, вядомыя кожнаму беларусу.

«Саша ўсе жыццё пражыў як сапраўдны артыст. Ён вельмі напружана, вельмі шмат працаваў, ён разумеў сваю прафесію», – адзначае музычны журналіст, сузаснавальнік «Experty.by» Дзмітрый Падбярэзскі.

Ціхановіч выкарыстоўваў гэтыя веды, каб дапамагчы наступным пакаленням артыстаў.

«Ён шчыра і адкрыта дапамагаў вельмі многім маладым выканаўцам, прычым не толькі тым, хто выконваў эстрадныя песні, але і прадстаўнікам, скажам, рок-музыкі», – узгадвае Падбярэзскі.

Аляксандр Ціхановіч разам з жонкай Ядвігаю Паплаўскай праславіліся як удзельнікі ансамблю «Верасы»: у калектыў артыст прыйшоў, калі яму быў 21 год. Музыкі сведчаць, што ў вялікай долі поспехам «Верасы» былі абавязаныя менавіта Ціхановічу – ягонай актыўнасці ды ўменню кантактаваць з людзьмі.

Канцэрт, прысвечаны Аляксандру Ціхановічу, сёння адбудзецца ў Віцебску, дзе адкрыюць «Славянскі базар». Артысты выканаюць песні, якія шмат гадоў спяваў, бадай, самы вядомы беларускі дуэт.

Марына Вашкевіч, Аляксандра Дорская