Праз чэргі ў паліклініцы пабіліся доктар і пацыент


Адзін з ліпеньскіх працоўных дзён рэчыцкае паліклінікі скончыўся бойкаю з пацыентам.

Жыхару Рэчыцы Дзянісу Барсукову неабходна было атрымаць заключэнне медычнае камісіі, каб уладкавацца на працу, якую, дарэчы, мужчына шукаў больш за год.

«Прахадзіў ужо пяць дзён і не змог прайсці, бо чэргі вялікія, кабінеты зачыненыя. За дзень да канфлікту са мной таксама адбылася бойка, выклікалі міліцыю», – распавядае Дзяніс.

Канфлікт пачаўся з таго, што мужчына намагаўся даведацца ў медыкаў ці атрымаецца сёння ў наведнікаў атрымаць свае даведкі.

– Пачакайце, а колькі вы прымеце да 5 гадзіны? – запытаўся Дзяніс.

– Я вам сказала, 18 чалавек застаецца, – нервова адказала лекар.

– Так а што нам рабіць? – не здаваўся Дзяніс.

– Нічога, – лекар паспрабавала паставіць кропку ў гэтым пытанні.

– Так мы ўжо тыдзень праходзім, чаго мы тут сядзім. А дзе ў кніга скаргаў, вы мне скажаце? – не вытрымаў Дзяніс.

– Не трэба вам кнігу скаргаў. Друкуем, друкуем яе, – далучыўся да размовы іншы медык.

Тады спадар Дзяніс наважыўся на больш рашучыя дзеянні. Ён пайшоў скардзіцца кіраўніцтву паліклінікі ды працягваў здымаць на тэлефон, але гэта не спадабалася супрацоўніцы паліклінікі. Яна пачала кідацца на Дзяніса.

«Гэтая жанчына выхапіла ў мяне пакет і пачала наносіць удары па галаве, твары і тулаве. Тут [у пакеце] была мінералка і дакументы. Дакументы разляцеліся па кабінету, выбіла тэлефон, пачала таптаць тэлефон у дадатак», – узгадвае Дзяніс.

І Дзяніс Барсукоў, і доктарка Алена Цямчык падалі заявы ў міліцыю і зафіксавалі цялесныя пашкоджанні.

«Правая рука, дзе быў пакет, калі яна вырывала, напэўна падрапала. Ну, плюс я яшчэ прыкрываўся. І разбітая галава», – кажа Барсукоў.

Цяпер Рэчыцкі РАУС праводзіць праверку. Прызначаныя судова-медычныя экспертызы. Нашыя карэспандэнты захацелі даведацца ў кіраўніцтва медычнай установы, чаму шараговы візіт скончыўся бойкаю паміж пацыентам і доктарам.

«Ён яе ўдарыў, і добра ўдарыў, ён зламаў ёй нос. Гэта менш цяжкія… але гэта няхай праваахоўнікі [высвятляюць], гэта не нашае. Канфлікт, яшчэ раз кажу, пераведзены ў прававое рэчышча, няхай займаюцца праваахоўныя органы, як будзе, як суд вырашыць, так і будзе», – кажа намеснік галоўнага доктара Рэчыцкага Цэнтральнага раённага шпіталю Уладзімір Жураўкоўскі.

Праваабаронца Алег Волчак адзначае, што ў канфліктных сітуацыях трэба захоўваць спакой і, калі штосьці не падабаецца, то лепей узяць кнігу скаргаў і прапановаў і туды напісаць свае заўвагі. Згодна з заканадаўствам, адказ мусіць прыйсці не пазней як праз 15 дзён. Таксама ён нагадвае, што відэазапіс можна далучаць да матэрыялаў справы і гэта можа быць вельмі добрым доказам.

Пакуль жа не гатовая экспертыза траўмаў доктаркі ды не закончылася праверка, невядома, крымінальныя або адміністратыўныя справы распачнуць па факце бойкі ў рэчыцкае паліклініцы.

Таксама ў праграме «Маю права»:

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам: