Праваабаронца Бандарэнка: Праца асуджаных у Беларусі – рабская


Пакуль Захад чарговы раз наступае на адныя і тыя ж граблі, прапаноўваючы Лукашэнку збліжэнне ў аднабаковым парадку, Лукашэнка ўзяўся за… клюшкі.

Прымаючы з дакладам міністра ўнутраных справаў і па сумяшчальніцтве старшыню назіральнай рады хакейнага клубу «Дынама-Менск» Ігара Шуневіча, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з клюшкамі, зробленымі ў айчынных турмах.

Шуневіч не абмінуў магчымасці пахваліцца канкурэнтназдольнасцю вырабаў паводле цаны і якасці. Лукашэнка, у сваю чаргу, даручыў клюшкі ўдасканаліць. Таксама, сярод іншага, пагаварылі чыноўнікі і пра форму для юных хакеістаў, якая ўжо запушчаная ў серыйную вытворчасць.

У «Гарачым каментары» – праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

«Беларусь, хіба, адзіная краіна ў Еўропе, дзе праца асуджаных прыраўноўваецца да рабскай. Мы вяртаемся да заробкаў і ўмоваў працы – яны вельмі антысанітарныя, па-другое, бываюць вельмі цяжкія. Праца часам далёкая ад нейкай вытворчасці, гэта нейкая праца дзеля працы. Рабства гэта, уласна кажучы, выкарыстанне працы чалавека ў нейкіх мэтах, калі яму нічога не плацяць. Нашыя асуджаныя знаходзяцца ў сітуацыі, калі ім практычна нічога не плацяць. Тую аплату, якая існуе на сённяшні дзень, складана назваць аплатай», – заявіў Андрэй Бандарэнка.