Праваабаронцы: Прэсінг на беларускае грамадства застаецца высокім


Парламенцкія выбары ў Беларусі мінулі – можна і даць волю рукам. Гаворка пра беларускую Феміду, якая ўсцяж заплюшчвае вочы на закон і карае палітычных апанентаў цяперашняга рэжыму ў краіне.

Сёння судзілі адразу некалькіх актывістаў, як у Менску, гэтак і ў Віцебску – за акцыі, зладжаныя яшчэ ў час выбарчай кампаніі. Тым часам ёсць поствыбарчыя прэтэнзіі і ў адваротны бок. Былы кандыдат у дэпутаты Юрась Губарэвіч накіраваў скаргу ў Следчы камітэт з патрабаваннем зладзіць правяранне і пакараць вінаватых у шматлікіх фальсіфікацыях, зафіксаваных у часе парламенцкіх выбараў.

Чытайце яшчэ >>> Ці спраўдзіліся прагнозы экспертаў? Вынікі выбараў-2016

Фельетон Максіма Чыгункі. Выбары 2016: Уплыў бульбы на выбарчыя прэферэнцыі беларусаў

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч адзначыў, што апошнія выбары ў Беларусі, паводле меркавання беларускіх праваабаронцаў, не адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў, а таксама шмат у чым не адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі заўважыў, што самі выбары, гэта не толькі выбарчы працэс, а таксама атмасфера ў краіне, правы і свабоды, якімі карыстаюцца грамадзяне, узровень страху ці разняволенасці людзей падчас выбараў.

«Мы адзначалі, што, на жаль, пасля адмены санкцыяў сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася і ўзровень прэсінгу на беларускае грамадства застаецца дастатковы высокі. У нас зʼявіліся новыя палітычныя зняволеныя, у нас ёсць абмежаванне ў дзейнасці няўрадавых арганізацыяў, у нас пераследуюцца журналісты, і, шчыра кажучы, даверу грамадства да гэтых выбараў як да нечага сурʼёзнага не было. Яго не было і сярод палітычных апанентаў, бо партыі ішлі на гэтыя выбары як на закланне, так бы мовіць, пагуляцца, выказаць свае ідэі без усякага спадзявання, што галасы сапраўды нехта палічыць і што гэтыя выбары будуць рэальным працэсам», – падкрэсліў спадар Бяляцкі.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu