Праваабаронцы не заўважаюць вялікага прагрэсу ў сёлетняй выбарчай кампаніі


Да выбараў у парламент застаецца ўсяго 4 дні. Але чуваць шматлікія галасы грамадскасці пра падман, вырашанае пытанне і бессэнсоўнасць усенароднага шоу. Гавораць пра гэта і палітыкі, якія бяруць удзел у кампаніі. Але не эмоцыі, а факты прэзентуюцца праваабаронцамі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт здзяйсняюць праграму незалежнага назірання за сёлетнімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў – «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Пад пільным наглядам і аналізам адмыслоўцаў – выбарчы працэс, які ацэньваецца з пункту гледзішча беларускага выбарчага заканадаўства ды міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў. Апроч таго, праваабаронцы маюць інфармаваць беларускую і міжнародную супольнасць пра вынікі свайго маніторынгу.

Прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч адзначыў, што праваабаронцы не заўважылі вялікіх станоўчых зрухаў у параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі.

«Фактычна працэдура фармавання выбарчых камісіяў не змянілася, камісіі застаюцца пад кантролем адміністрацыі мясцовых уладаў і фактычна зʼяўляюцца паралельнымі структурамі вертыкалі ўлады на месцах», – заважыў спадар Лабковіч. Паводле яго, праваабаронцы адзначаюць нават пэўнае пагаршэнне сітуацыі з агітацыяй у параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі ці з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года.

Праваабаронцы канстатуюць таксама рост выпадкаў дзяржаўнай цэнзуры да выступаў кандыдатаў, большую колькасць папярэджанняў у дачыненні да альтэрнатыўных кандыдатаў, пахаладанне ў стаўленні выбарчых камісіяў да саміх кандыдатаў і іхных агітацыйных кампаніяў. Разам з тым гэтыя высновы яшчэ не канчатковыя. Праваабаронцы прыступілі цяпер да назірання за працэдурай датэрміновага галасавання, будуць назіраць за галасаваннем у дзень выбараў, а таксама за падлікам галасоў.

«Менавіта з гэтага будзем сыходзіць, калі будзем рыхтаваць нашыя высновы пасля кампаніі», – заўважыў Уладзімір Лабковіч.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu