Праваабаронца з Маладзечна: Мясцовыя ўлады павінныя пачуць сваіх людзей


Ці адгукнуцца мясцовыя ўлады ў Маладзечне на запрашэнне прыйсці на заўтрашні пратэст?

Найбліжэйшы з запланаваных мітынгаў пратэсту супраць Дэкрэту аб дармаедстве і агульнай сітуацыі ў краіне мае адбыцца ўжо заўтра – у Маладзечне. Рыхтуюцца да акцыі, зрэшты, і чыноўнікі. На цэнтральнай плошчы гораду нечакана мясцовыя ўлады пастанавілі зрабіць рамонт ды агарадзілі тэрыторыю.

І гэта нягледзячы нават на словы Лукашэнкі, які заявіў сёння, што людзі маюць права выказаць сваё незадавальненне на плошчы. Штопраўда, пры гэтым кіраўнік краіны не забыўся абразіць ды прыгразіць рэпрэсіямі лідарам пратэстаў. Зрэшты, запалохаць абураных беларусаў не лягчэй, чым вычарпаць іх цярпенне: прынамсі на сённяшні дзень арганізатары пацвярджаюць правядзенне ўсіх запланаваных акцыяў. У «Гарачым каментары» – праваабаронца Беларускага Хельсінскага Камітэту з Маладзечна Эдвард Баланчук.

Ці адгукнуцца прадстаўнікі маладзечанскіх уладаў на запрашэнне прыйсці на акцыю пратэсту? Вось што заявіў на гэты конт Эдвард Баланчук:

«Хацеў бы трохі заступіцца за мясцовыя ўлады ў Маладзечне. Я туды заходжу, калі палічу мэтазгодным. Калі бачу, што ёсць нейкая праблема, заўсёды заходжу ў прыёмную, і мне ні разу ніхто не адмовіў, каб прыняць, паразмаўляць і высветліць. Думаю, заўтра зранку таксама пайду ў мясцовы выканкам, паразмаўляю, што яны думаюць на гэтую тэму, як яны плануюць сябе паводзіць, каб мы маглі зразумець адзін аднаго. Мясцовыя ўлады павінныя пачуць сваіх людзей».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu