Праваабаронца: Суд перакіне віну на аддзел адукацыі, каб бацькі змаглі атрымаць кампенсацыю


Суд Маладзечанскага раёну не выявіў «працоўных адносінаў» у загінулай у часе збірання бульбы 13-цігадовай Вікі Папчэні. Паводле пастановы суддзі Ігара Гарановіча, школьніца ў полі не працавала, а выхоўвалася. Бацькі, якія з дапамогаю судовага пазову намагаліся давесці наяўнасць працоўных адносінаў паміж іх дачкою і калгасам «Агра-Усход», маюць намер абскардзіць пастанову.

Трагедыя здарылася яшчэ 29 верасня, калі шкаляры збіралі на калгасным полі бульбу. На васьмікласніцу Віку наехаў цяжкавік, у выніку чаго дзяўчынка памерла па дарозе ў больніцу. На кіроўцу, а пазней і на двух настаўнікаў завялі крымінальныя справы, вымовы атрымалі дырэктар школы, а таксама начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму мясцовага райвыканкаму.

У студыі «Гарачага каментара» праваабаронца Эдвард Баланчук.

Улада не можа адысці ад таго, што рабіла ўсе гады, прымушаючы дзяцей працаваць на зборцы ўраджаю, кажа госць праграмы.

Праваабаронца лічыць, што суд перакіне віну на аддзел адукацыі, каб бацькі змаглі атрымаць кампенсацыю.

«Віна кіроўцы безумоўна даказана. Ён гэта зрабіў. Другое пытанне да настаўнікаў. Іх накіравалі туды сачыць за дзецьмі. Яны былі адказныя за тое, што адбываецца з дзецьмі. І яны, скажу шчыра, не даглядзелі. Ёсць віна загадчыка па выхаваўчай працы Дзяніса Курца, які накіраваў дзяцей на бульбу. Ёсць таксама віна аддзелу спорту і турызму Маладзечанскага гарвыканкаму, які распаўсюдзіў загад накіраваць дзяцей».

«Я праглядзеў кодэкс аб адукацыі. Нідзе не напісана, каб дзеці збіралі бульбу ці яшчэ нешта ў рамках нейкіх там акцый. Гэта дурнота мясцовай улады», – кажа Эдвард Баланчук.

Праваабаронца заклікаў бацькоў не накіроўваць дзяцей на такія працы.

Больш у відэа.

ДР belsat.eu