Праваабаронца: Асуджаныя ахвяруюць здароўем, каб адстаяць элементарныя правы


Праваабаронца Андрэй Бандарэнка пракаментаваў галадаванне, якое трымаюць асуджаныя ў жодзінскай турме.

Прычына галадавання – невыносныя ўмовы, у якіх перабываюць арыштаваныя. Сітуацыя сталася настолькі крытычнаю, што іхныя сваякі пастанавілі звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб пакласці канец здзекам з асуджаных. Гэтую інфармацыю перадае праваабарончая арганізацыя «Платформа».

Сярод праблемаў Турмы N 8, якія раней агучвала «Платформа»: падлога ў камерах бетонная (хаця паводле правілаў мусіць быць накрытая дошкамі або кафляю), у турме няма сушылак для абутку і адзення, таму гэта робіцца ў камеры – адсюль антысанітарыя ды высокая рызыка захварэць на сухоты, брак свежага паветра праз пластыкавыя заслоны на вокнах. І самае галоўнае – брудная вада, не прыдатная не толькі для піцця, але і для мыцця. Як праваабаронцам паведамілі сваякі аднаго з абвінавачаных, у Дэпартаменце выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў ці то не ведаюць пра галадаванне, ці то спрабуюць гэты факт ад сваякоў схаваць.

У «Гарачым каментары» – праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

«Усё вырашаецца праз сілу ўздзеяння на асуджаных альбо шляхам замоўчвання, альбо праз фэйкавыя праваабарончыя арганізацыі, якія прадстаўляюць сітуацыю інакш, чым яна выглядае на самой справе. Мне дакладна вядома, што ўнутры самой пенітэнцыярнай сістэмы ёсць даволі шмат прафесійных асобаў, якія могуць зрабіць гэтую сістэму адной з лепшых у свеце, але пры сённяшнім кіраўніцтве гэта немагчыма. Яны замест таго, каб мяняць нешта ў самой сістэме, ужываюць такія метады, што людзі вымушаныя ахвяраваць сваім здароўем, каб адстойваць свае элементарныя правы», – заявіў Андрэй Бандарэнка.