Працягваецца збор подпісаў за беларускую мову на этыкетках


Як знайсці месца на этыкетках для абедзвюх дзяржаўных моваў?

Паводле тэхнічнага рэгламенту Мытнага звязу, вытворцы мусяць змяшчаць на ўпакоўцы інфармацыю пра тавар на дзяржаўнай і расейскай мовах. Праз тое, што апошняя ў нашай краіне – адна з дзяржаўных моваў, айчынныя вытворцы амаль не выкарыстоўваюць беларускую для інфармавання спажыўцоў. У адпаведнасці з гэтым у інтэрнэце разгарнулася кампанія дзеля падтрымання зменаў у законе «Аб абароне правоў спажыўцоў». Змены маглі б замацаваць абавязак інфармаваць спажыўцоў на абедзвюх дзяржаўных мовах. Адна з петыцыяў ужо набрала рэкордную колькасць подпісаў, і яе скіравалі дэпутатам парламенту, у Міністэрства гандлю і ў адміністрацыю кіраўніка краіны. Збіраць подпісы за беларускую мову на этыкетках працягваюць на партале Zvarot.by.

Беларусы разважаюць пра плюсы ды мінусы дзвюхмоўя

У розныя часы колькасць афіцыйных моваў у нашай краіне вагалася ад адной да чатырох. Мы запыталіся ў мінакоў на вуліцах сталіцы, што карыснага і адмоўнага бачаць яны ў сітуацыі цяперашняга двухмоўя.

Сын загінулай у ДТЗ кажа, што трагедыя адбылася праз стан дарогі

Жыхары вёскі Багатырова і аграгарадка Азярцо збіраюць подпісы пад петыцыяй да Менгарвыканкаму. У звароце яны просяць адрамантаваць паўтара кіламетра вуліцы Громава, што злучае іхныя населеныя пункты з Менскам. На гэтым кавалку дарогі няма асвятлення, асфальтавае палатно вузкае – каля васьмі метраў, у маразы на ўскрайку асфальту з’яўляецца ледзяная каляіна, і аўтаўладальнікі ведаюць, як гэта небяспечна. Зарганізаваліся людзі пасля трагічнага здарэння ў студзені, калі побач з іхнымі населенымі пунктамі ў ДТЗ загінула жанчына.

Спроба блогера ўладкавацца ў школу спрычынілася да нечаканых падзеяў

Блогеру з Гомельшчыны Андрэю Павуку загадчык аддзелу спорту і турызму Акцябрскага райвыканкаму прапанаваў месца настаўніка біялогіі і хіміі ў школе вёскі Любань. Дырэктарка школы таксама пацвердзіла, што гэтая вакансія адкрытая. Андрэй прайшоў медкамісію і збіраўся працаваць, аднак раптоўна з’явіўся ліст-скарга ад незадаволеных бацькоў вучняў. Яны былі не згодныя з кандыдатураю спадара Павука і тлумачылі гэта адсутнасцю ў яго вопыту настаўніцкай працы і ягонаю дзейнасцю. Пасля разбіральніцтва высветлілася, што ініцыятаркаю стварэння ліста была старшыня Любанскага сельсавету Тамара Кароль, а адзін з подпісаў падроблены.

Па старых адрасах: мы наведалі пенсіянерку, якая жыве ў былой сельскай краме

Нашая праграма распавядала пра Галіну Міцкевіч, жыхарку вёскі Рахманькі. Пенсіянерка выкупіла на аўкцыёне будынак былое сельскае крамы, а пасля выявілася, што ў ім няма ацяплення і электрычнасці. Уночы, каб хоць неяк сагрэцца, бабулі даводзілася накрывацца ажно пяццю коўдрамі. Гісторыя пенсіянеркі тады атрымала вялікі розгалас у сеціве. Пасля гэтага да спадарыні Галіны пачалі прыязджаць незнаёмыя людзі ды прапаноўваць дапамогу. Праз год нашыя карэспандэнты намерыліся наведаць вёску Рахманькі ды даведацца, як цяпер жывецца 85-гадовай гераіні нашае праграмы.