Прарыў у ахове марской прыроды: у Антарктыцы створаць запаведнік


Міжнародная камісія захавання марскіх жывых рэсурсаў Антарктыкі стварыла найбуйнейшы ў свеце запаведнік у моры Роса – плошчай больш за 1,5 млн квадратных кіламетраў.

Гістарычнае пагадненне аб стварэнні «марской святыні» сёння ў Аўстраліі падпісалі Еўразвяз і 24 краіны, якія ўваходзяць у Антарктычную камісію захавання марской прыроды. Дакумент дазволіць абараніць антарктычных птушак, кітоў, гіганцкіх кальмараў, рэдкія гатункі рыбы і большасць папуляцыі пінгвінаў.

«Сёння мы маем сапраўднае дасягненне. Мы стварылі найвялікшую ў свеце марскую прыродаахоўную зону, і гэта важны крок наперад – да глабальнай аховы марской прыроды», – адзначае Эван Блум, прадстаўнік дэлегацыі ЗША ў камісіі захавання Антарктыкі.

Паводле пагаднення, са снежня наступнага года ў антарктычным моры Роса на 35 гадоў будзе створаны абшар, дзе цалкам забароняць камерцыйны адлоў рыбы і паляванне. Таксама ў запаведніку пакінуць зоны даследаванняў, у якіх застанецца абмежаваная здабыча рыбы і крыля. Гэты кавалак Паўднёвага акіяну не падпадае пад юрысдыкцыю якой-кольвек краіны, і раней тут рыбу лавілі ў прамысловых маштабах.

«Мы мусілі знайсці баланс між інтарэсамі аховы навакольнага асяроддзя ды інтарэсамі рыбалоўных народаў. І я спадзяюся, што мы знайшлі адпаведны баланс у гэтым сэнсе», – заўважае старшыня камісіі захавання Антарктыкі Васілій Цітушкін.

Чытайце таксама >>> Дзяржава працягвае меліярацыю, нягледзячы на пратэст беларусаў

Ідэю стварыць запаведнік запрапанавалі Злучаныя Штаты і Новая Зеландыя. Дыпламатычныя перамовы наконт мора Роса цягнуліся гадамі – у тым ліку на высокім міждзяржаўным узроўні. Расея да апошняга блакавала пагадненне, каб працягваць лавіць рыбу на іншым баку свету.

«Не магло быць найгоршага часу, каб паспрабаваць дамовіцца з Расеяй. Калі мы думаем пра Сірыю, ды практычна пра любую праблему ў свеце, якая ўключае Расею, то гэта кепскі час для такіх дыскусіяў. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя адрозненні, ёсць пагадненне, і добра, што мы разам змаглі адмежаваць яго ад іншых зонаў супярэчнасцяў», – кажа Мары Маккалі, міністр замежных справаў Новай Зеландыі.

Мора Роса мае асаблівае значэнне для прыроды ўсёй планеты. Адсюль разносяцца па свеце пажыўныя рэчывы для рыбы, тут жыве антарктычны крыль – харч для кітоў і цюленяў.

Паводле навукоўцаў, цяпер у моры Роса будуць прыязныя ўмовы, каб вывучаць наступствы глабальнага пацяплення. Таксама тут Сусветны акіян будзе аднаўляць свае прыродныя сілы.