Агляд падзеяў культуры Прэмія «ПРАФОТА»: Беларускія фатографы вырваліся з палону нацыянальных ідэяў


Працы фіналістаў трэцяга конкурсу прэзентавалі ў арт-прасторы «ЦЭХ», выстава будзе даступная да 30 чэрвеня.

У намінацыі «Лічбавы сторытэлінг», якая з’явілася ў конкурсе сёлета (гісторыі ў медыяфармаце, калі фота спалучаюцца з відэа або гукам), перамог фільм Аляксандра Васюковіча і Дар’і Царык, прысвечаны праблеме хатняга гвалту. Тэма, як лічыць Аляксандр Васюковіч, замоўчваецца ў грамадстве дагэтуль.

«Мне падавалася, што хатні гвалт – даволі рэдкая праблема, і ў мяне няма знаёмых, з якімі гэта адбываецца. Але пасля, калі я паслухаў гісторыі ахвяраў, я быў вельмі здзіўлены маштабам».

Фатограф Аляксандр Васюковіч – лаўрэат «Гран-пры» «Прафота-2017». Фота – Таццяна Ткачова для БАЖ.

Аляксандр Васюковіч узяў «Гран-пры» і ў дакументальнай намінацыі з ужо нашумелым праектам «Фота на памяць» – гэта здымкі, якія ён рабіў на просьбу ўкраінскіх салдатаў для іхных блізкіх. Вярнуўшыся на Данбас праз год, фатограф даведаўся, што шмат хто з байцоў загінуў. Падчас выставы ў Маскве фота аблілі фарбаю, у такім выглядзе яны і прэзентаваныя ў «Цэху».

Фрагмент экспазіцыі «Фота на памяць».

«Самая вялікая ўдача – тое, што беларускія фатографы вырваліся з палону вузкіх нацыянальных ідэяў і сталі даследаваць тэмы міжнароднага ўзроўню. Таму тэма вайны ва Украіне, безумоўна, на слыху», – кажа куратарка выставы і старшыня журы Ганна Шпакава.

Мове вайны прысвечаная праца Вольгі Савіч, якая перамагла ў намінацыі «Арт». Фатографка даследуе жэсты салдатаў са старых фотаздымкаў і бачыць у іх пэўную сістэму. Усе працы «Прафота» можна паглядзець да 30 чэрвеня.

Пераможцы конкурсу атрымаюць магчымасць наведаць замежную фота-падзею – фестываль або майстар-клас на свой выбар.

Аляксандра Дорская

Таксама ў выданні:

  • На міжнародным сімпозіуме ў Магілёве мастакі размалявалі мядзведзя;
  • Купала ў Вільні – не толькі шыльдаю, але і на выставе;
  • Віцебск учора і заўтра;
  • «Плед сяброўства», звязаны сотняю рук.
Каментары