Праект жыцця: «Госьціца» падтрымлівала прэстыж Беларусі


Яе называюць чалавекам Рэнесансу: кампазітарка, спявачка, харэограф, танцоўшчыца, рэжысёр, заснавальніца фольк-мадэрн-тэатру. Адлічаная з кансерваторыі за ўдзел у пікеце, яна ўсё ж скончыла яе на выдатна. Стварыла тэатр, які набраў размаху і прэстыжу цягам некалькіх год, а яго выпускнікі трапілі проста на галоўныя сцэны краіны. Не спыняючыся, стварае містэрыі, шоу, спектаклі, якія часцяком нават не паўтараюцца: не паспеў – то й не пабачыў. Але адзін з асноўных праектаў яе жыцця – тэатр «Госьціца» – знаходзіцца цяпер у незразумелым стане, а летась ягоная стваральніца прыйшла да высновы, што такое мастацтва не запатрабаванае. А якое ж запатрабаванае, і што стварае мая сённяшняя госця? У Зорнай студыі Ларыса Сімаковіч.Вы чалавек адораны рознабакова. Але спачатку была музыка?

Я з тых дзяцей, якія самі сябе ўвесь час кудысьці «паступаюць»… Я з Баранавічаў, і на сцэне я недзе з пяці гадоў. Аднойчы пасля канцэрту (памятаю, я спявала «Солнечный круг», папулярны тады) да мяне падышла жанчына і сказала, што ў Менску ёсць такая школа, для такіх дзяцей – і з таго часу я не давала бацькам пакою: завязіце мяне туды. Бацькі вельмі простыя, яны з вёскі Дамашэвічы, што пад Баранавічамі, і яны іншага свету, акрамя свайго вось гэтага дамашоўскага космасу, не бачылі. І звычайна людзей палохае «дальні свет». Але я, напэўна, была настолькі ўчэпістая і настолькі ўпартая, што бацька са сваёй мудрасцю сказаў маёй маці – адвязі, проста каб задаволіць дзіця. І мама мяне павезла, нават дакументаў не беручы. Я прайшла іспыты. На іспытах, дарэчы, сядзеў тады Рыгор Раманавіч Шырма… Я нават памятаю свой рэпертуар: «туп-туп, чаравік, не ляніся, туды-сюды чаравік, павярніся…». Мяне ўзялі, сказалі вяртацца тэрмінова па дакументы. Карцінка вельмі жывая зараз з таго жыцця, з таго часу… Безумоўна, бацькі перажывалі – дзе там дзіця і як яно. Інтэрнатаўскае жыццё не самага лепшага кшталту – гэта такая маленькая закрытая зона, у якой ты мусіш выжываць, мусіш знаходзіць і абараняць сваю пазіцыю.

Але Вы, відаць, цяпер не шкадуеце пра гэты выбар? Умоўна кажучы, сваё дзіця, жывучы ў Баранавічах, аддалі б у Парнат?

Напэўна так. Бо станаўленне асобы адбываецца зусім не ў камфортных умовах. А менавіта ў такіх. Самы галоўны здабытак – я гэты соцыум цяпер бачу і пралічваю ну проста адразу. Адзінае, што мне замінае – гэта мае наіўнасць і даверлівасць, ад іх ужо не пазбавішся, яны застаюцца з табой.

То бок інтэрнат – як выдатная школа жыцця. Пасля была кансерваторыя, але перад гэтым – яшчэ прыгода з балетам…

Так, я ж з тых дзяцей, што «паступілі сябе самі»… Уявіце сабе: закрытая зона, інтэрнат, і я памятаю, што я хадзіла на балет «Спартак», у чатырох дзеях (а спектаклі пачыналіся тады а 19:30, а не а 19.00), і гэта мой 5-6 клас, уявіце – як я адна потым вярталася… Я ведала ўсе выхады і ўваходы ў старым будынку Оперы, усё закуліссе, усе пад’езды…Памятаю, ішла «Выбранніца» Глебава, і галоўную партыю танцавала Карзянкова. Звычайна балетны чалавек можа разагрэцца ў залі, дзе станкі, а тады ў старым оперным былі такія арматуры жалезныя, якія нешта там трымалі, побач стаяла каніфоль, і яна за гэта трымалася як за станок і разміналася. Рабіла звычайныя практыкаванні, звычайныя рэчы для падрыхтоўкі цела, і я памятаю – нікога не было, было цёмна, бо гэта недзе шостая гадзіна вечару была, недзе за гадзіну да спектаклю. Нікога. Цемра. І я стаю, назіраю за ёй метрах у трох ад яе. Я гэта зараз бачу як жывое кіно, тыя кадры, як я стаю. Я заміраю, я ўся ў гэтых нагах, у гэтай постаці, у гэтых рухах, і я кожны яе рух адчуваю, разумею, разумею, што там робіцца – хаця гляджу на яе першы раз, у такой адлегласці. І што дзіўна – напэўна, я так глядзела, так стаяла, што яна, ведаючы, што я на яе гляджу, ні слова мне не сказала. Хоць бывае, што артыстам гэта замінае, бо гэта свая работа, свой разагрэў, свая кухня, так бы мовіць – як цела прывесці ў парадак, і не кожны жадае, каб нехта на гэта глядзеў. Яна ні слова мне не сказала – і вось на гэтай ноце я і завісла… Потым была кансерваторыя і аддзяленне харавога дырыжыравання ў класе прафесара Роўды. Яшчэ пазней – кампазітарскае аддзяленне ў класе прафесара Смольскага. Дырыжыраваць можна па-рознаму. Але я памятаю, я лавіла сябе на момантах, што калі бачыла ў свеце нешта прыгожае – то мне хацелася гэта прадырыжыраваць……А карані гісторыі з Елізар’евым пачынаюцца з маёй работы з Віктарам Шэвелевічам над фільмам «Песня пра зубра». Я пісала да фільма музыку, а ўдзельнічала там жаночая група балету Елізар’ева, а я на гэта так глядзела… Я напэўна так выглядала… Што Віктар Васілевіч Шэвелевіч сам прапанаваў, што паразмаўляе з Елізар’евым – яны сябравалі… І я пяць год штодня, з адным выходным, наведвала балетную школу…

Вы прыйшлі ў фальклор і ў беларускасць – паралельна? Адначасна? Па чарзе?

Ведаеце, усё зрабіла першая фальклорная экспедыцыя. Тады нешта здарылася, калі я ўжывую пачула гэтыя песні ад гэтых кабет. Як яна спявае, гэта як уваходзіла ў транс, сама нават слова гэтага не ведаючы… Космас! І з гэтага пачалася раскадзіроўка, пазнанне таямніцы… У мяне абвостранае пачуццё справядлівасці, не ведаю адкуль. Вось гэтая несправядлівасць у дачыненні да мовы – чаму яе няма, чаму гэта не каштоўнасць для кожнага – для мяне гэта і сёння дзіва, для мяне гэта востра. Гэта маркер. Гэта праблема, якую я вырашаю літаральна ўчора, сёння, яна са мной….

Можна сказаць, што «Госьціца» была Вашым асноўным праектам? Створаны ажно ў 1986 годзе, калектыў праіснаваў практычна дагэтуль, займеўшы прэстыж сярод людзей, а сярод крытыкаў – імя першага беларускага пластычнага фольк-мадэрн-тэатру.

Гэта важны праект жыцця. Але там важна не столькі маё самавыказванне, колькі тое, што праз мяне і праз створаную структуру тэатру мы даводзілі свету каштоўнасці нашай культуры. У нейкім сэнсе я гэтую місію выконвала, і выконвала не самым горшым чынам.

Фольк-мадэрн-тэатр «Госьціца» – лаўрэат фальклорных і тэатральных фестываляў у Беларусі, Расеі, Эстоніі, Польшчы, Даніі, Італіі. Паўсталы намаганнямі Ларысы Сімаковіч у 1986 г. на базе дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, гэта ўнікальны калектыў, артысты якога валодаюць адначасова аўтэнтычнай манерай спеваў і пастаўленым класічным бельканта, а таксама – танцавальным мастацтвам. Гэта першы тэатр танца ў гісторыі айчыннага харэаграфічнага мастацтва. У 2004 «Госьціца» была пазбаўлена рэпетыцыйнай базы, час сталых сустрэчаў скончыўся.

Ну так. І тут дзеянні дзяржавы… Чаму няма «Госьціцы»? Таму што кантракт не падоўжылі. Да смешнага. Чамусьці ў дачыненні да спорту яны разумеюць, што гэтак мы пазіцыянуем сваю дзяржаву, краіну, сябе. А вось каштоўнасць культурнага прадукту яны не могуць ацаніць…… Хто зараз працуе ў кансерваторыі, у Акадэміі? Гэта адзінкі, якія разумеюць каштоўнасць культуры, і яны цягнуць гэтую місію, у адрозненні ад дзяржавы.

«Госьціца» пасля высялення з Белтэлерадыёкампаніі ў 2004 годзе – практычна бяздомны калектыў? Летась Вы зладзілі канцэрт «…І куды што падзелася?», абапіраючыся на рарытэтны збор запісаў спеўнага рэпертуару «Госьціцы» 1986-2005 гадоў. У гэтым быў водгук роспачы?

Тон развітання ў гэтым быў. Справа ў тым, што наўрад ці вы знойдзеце іншы такі калектыў, які пасля закрыцця, пазбаўлены рэпетыцыйнае залі, без зарплаты, без базы праіснаваў яшчэ дзесяць год. І другая ўнікальнасць: мы ў такіх ужо ўмовах здолелі паставіць, як на маю балетмайстарскую думку, самы ўдалы паўнавартасны балет – «Свадзебку» Стравінскага. Балет, які не сорамна паказаць ні на воднай вялікай сцэне. А ствараўся ён у калідорах, у кішэнях, у цёмных кутах……Галоўную партыю Нявесты спявала Саша Грахоўская, выхаванка «Госьціцы». Вы не знойдзеце ніводнай пастаноўкі «Свадзебкі» Стравінскага, дзе ролю Нявесты адначасова б спявала і танчыла – у поўную сілу, у поўныя ногі і рукі – салістка. Больш за тое: вы не знойдзеце, каб гэтая ж самая салістка, выканаўца ролі Нявесты, спявала гэта напамяць! Стравінскага спяваюць толькі па нотах – ён неверагодна складаны. У яго ўвесь час мяняецца рытм – гэта, як ён сам сказаў, «форма, якая сама сябе падтрымлівае». А Аляксандра Грахоўская гэта зрабіла…

Вашыя сольныя пастаноўкі даволі часта – спектаклі «аднога дня», яны не паўтараюцца, на іх нельга патрапіць другі раз. Гэта абумоўлена гасціннай, а не сваёй сцэнай?

Узгадайце Ван Гога, які пісаў карціны, а прадаваў іх ягоны брат. Немагчыма быць адначасова і стваральнікам, і гандляром. Гэта абсалютна розныя энергіі. Ты канчаешся там, дзе ты закончыў твор – усё. Далей цябе ўжо няма, там пустое.

То бок, тэарэтычна каб зʼявіўся брат Ван Гога, Леа, Вашыя творы маглі б існаваць надалей?

Так, канешне.

Ці ёсць, на Вашую думку, беларуская кампазітарская школа?

Я адкажу так… Няхай дзяржава жыве са сваймі каштоўнасцямі – мільёнамі, палацамі. У нас – свой свет, свае каштоўнасці. Вось і ўсё.

Фрагменты гутаркі ў праграме «Зоры не спяць».

Гутарыла Вольга Гардзейчык