Прадстаўнік незалежных прафсаюзаў і анархіст распавялі пра канфлікт у Кіеўскім скверы


Беларусь традыцыйна трапляе ў лік краінаў, дзе існуе рабства. І справядліва будзе заўважыць, што гаворка ўсё-ткі не толькі пра рэйтынгі па прымусовай працы, але і пра агульнае стаўленне дзяржавы да грамадзянаў. Пакуль на першатравеньскім мітынгу ў менскім Парку Перамогі старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Арда распавядаў пра поспехі айчыннай эканомікі ды пра тое, як працоўныя ў нашай краіне ледзьве не ў шакаладзе качаюцца, на падыходах да сцэны, а таксама ў Кіеўскім скверы, дзе адбываўся мітынг незалежных прафсаюзаў, міліцыянты затрымлівалі актывістаў.

У «Гарачым каментары» – Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і анархіст Вячаслаў Касінераў, якога затрымлівалі.

Сяргей Антусевіч прызнаўся, што не назваў бы мітынг «звышпаспяховым», але пры гэтым станоўча ацаніў тое, што ўпершыню за 10 гадоў у Менску адбылося афіцыйнае мерапрыемства незалежных прафсаюзаў на 1 траўня.

Інцыдэнт з анархістамі, якім, як заяўлялася раней, арганізатары не далі слова, Сяргей Антусевіч пракаментаваў наступным чынам:

«Кантакту з тымі анархістамі, якія прыйшлі на мітынг, фактычна не было. Скажам так, тое, што яны не дачакаліся сваёй чаргі, так бы мовіць – насамрэч ёсць стрым «Белсату», на якім можна ўбачыць, як гэта адбывалася насамрэч. І тое, як падчас выступу Аляксандра Ярашука раптам у дзесяці метрах запальваецца збоку фаер і пачынаецца іншае мерапрыемства фактычна, ну натуральна, што прагучала абурэнне з боку часткі ўдзельнікаў, і пераключылася частка ўвагі на іх – гэта праўда. Але пасля гэтага ніякіх спробаў падыйсці да нас не было. Я магу яшчэ раз зацвердзіць: тыя людзі, якія хацелі выступіць у нас на мітынгу, а яны былі, і мы слова давалі фактычна ўсім».

На гэта Вячаслаў Касінераў у нашым эфіры заявіў:

«Адразу гледзячы па інтанацыях чалавека, што ён дзесьці крывіць душой. Распавядаю версію нашага боку. Як толькі мы разгарнулі банэр, нехта да нас падышоў і сказаў, што гэта не нашае свята, і нам трэба адтуль сысці. Мы гэта праігнаравалі, бо падумалі чалавек памыліўся – выбачайце, 1 траўня гэта свята выключна анархістамі выкатаванае. Я падышоў да людзей з мегафонам і запрапанаваў, каб мы ў паўзах выказвалі свой парадак дня. Альбо карыстацца іхнай апаратурай, калі яны дазволяць, і што я гатовы прамовіць праз іхную апаратуру. Ніякага адэкватнага адказу я не атрымаў, мяне амаль праігнаравалі, я сышоў. Далей мы размаўлялі са СМІ, раздавалі ўлёткі, займаліся сваёй справай. Прайшоў нейкі час, і я спецыяльна пачакаў, пакуль адбудзецца нейкая паўза паміж выступоўцамі, і мы пачалі прамаўляць свой парадак дня. Першае было пра палітзняволеных – маіх таварышаў, пра людзей, якія адбівалі маіх таварышаў, абаранялі сябе. Я падышоў і ў каляўльтыматыўнай форме запытаў у арганізатараў: «Прабачце, ці дасце нам слова?» Сказалі, не. Я запытаў: «Ці будзеце казаць пра палітзняволеных?» Сказалі, не будуць, бо гэта толькі пра прафсаюзы. Далей мне сказалі, што яны хацелі б каб яны сышлі і каб мае таварышы знялі маскі. Бо яны дамовіліся з міліцыяй, каб такога не было, і яны баяцца, што будуць праблемы. У той момант мы вырашылі пакінуць мітынг, бо зразумелі, што гэта не незалежныя прафсаюзы, незалежныя – у сэнсе, што ад іх там нічога не залежыць».

Фотаздымак на застаўцы да відэа з “Facebook” Алеся Карніенкі