Праблема мігрантаў з Чачэніі ў Берасці


У Берасці мігранты з Чачэніі намагаюцца трапіць у ЕЗ дзеля прытулку

Штораніцы на берасцейскім вакзале сотні чачэнцаў набываюць квіткі на цягнік да польскага Тэрэспалю. І толькі адзінкам пашанцуе атрымаць прытулак у Еўразвязе. Астатнія вернуцца тым самым цягніком назад у горад над Бугам, каб наступнаю раніцаю зноўку накіравацца да польскае мяжы.

У Чачэніі няма вайны: сем гадоў таму контртэрарыстычная аперацыя на Паўночным Каўказе была афіцыйна завершаная. Дык чаму людзі цяпер бягуць адтуль? Ніхто з іх не пагаджаецца распавядаць сваю гісторыю на камеру з адкрытым тварам. Кажуць, што «кадыраўцы» могуць лёгка дастаць іх і тут, у Беларусі. Адзінае выйсце — уцячы ў Еўропу.

Жыхары Берасця выказалі сваё стаўленне да чачэнскіх мігрантаў

У чачэнскіх мігрантаў, якія цяпер чакаюць свайго лёсу ў Берасці, ёсць законная магчымасць быць на тэрыторыі Беларусі да трох месяцаў. Беларускія ўлады амаль не ўмешваюцца ў іхнае жыццё: сочаць адно за грамадскаю бяспекаю, а таксама бясплатна ўладкоўваюць хворых дзяцей у мясцовыя лякарні. Мы спыталі жыхароў гораду над Бугам: ці нашая дзяржава мусіць дапамагаць грамадзянам Чачэніі?

Міліцыянты-ілжэсведкі выклікаюць больш даверу ў суддзяў

Абектыўнасць міліцэйскіх сведчанняў на судовых працэсах не аднойчы была дыскрэдытаваная. Напрыклад, сведкі ў пагонах запэўнівалі, што бачылі філосафа Уладзіміра Мацкевіча на мітынгу прадпрымальнікаў, але ў гэты час ён быў у Варшаве. Сёлета падчас пілігрымкі ў Будслаў у ксяндза Вячаслава Барка ўзніклі праблемы з працаўнікамі ДАІ. І калі спадара Мацкевіча апраўдалі, то ў выпадку са святаром шалі Феміды схіліліся ў бок сведчанняў міліцыянтаў. Суддзя пры гэтым адзначыў, што словы сведкаў з боку спадара Барка нельга прызнаць аб’ектыўнымі, і суд цалкам іх праігнараваў. Былы міліцыянт, падпалкоўнік запасу Мікалай Казлоў кажа, што гэткім чынам працаўнікі міліцыі дэманструюць сваю лаяльнасць рэжыму дзеля кар’ернага росту.

Назіральнікі і праваабаронцы зафіксавалі парушэнні на выбарах

Чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбыліся і канулі ў Лету. Як і на ўсіх папярэдніх за апошнія дваццаць гадоў, на сёлетніх выбарах незалежныя назіральнікі зафіксавалі шмат парушэнняў. Сябры выбарчых камісіяў не падпускалі назіральнікаў да месца падліку галасоў бліжэй, чымся на тры метры. Праваабаронцы сцвярджаюць, што выбарчыя працэдуры не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў. Гэта ў першую чаргу звязана з непразрыстым фармаваннем выбарчых камісіяў, з абсалютна недапушчальнымі парушэннямі падчас датэрміновага галасавання.

Сям’я з Менску шэсць гадоў адстойвае сваё права вярнуцца ў інтэрнат

У менскім інтэрнаце станкабудаўнічага заводу імя Кірава спадарыня Вольга пражыла больш за дваццаць гадоў. Там і пазнаёміліся з будучым мужам Віктарам Шкробавым. Абое атрымалі пакоі праз хадайніцтва арганізацыяў, у якіх працавалі. Пяць гадоў таму суд Ленінскага раёну пастанавіў выселіць сям’ю з інтэрнату проста на вуліцу. На той момант нашая гераіня была на сёмым месяцы цяжарнасці, а калі маленькаму Багдану споўнілася 11 дзён, Менскі гарадскі суд падтрымаў пастанову папярэдняе судовае інстанцыі. Сям’я Шкробавых дагэтуль намагаецца даказаць незаконнасць свайго высялення і спадзяецца вярнуцца ў пакоі інтэрнату, якія лічыць сваім домам.

Фота – naviny.by