Форум (ток-шоу) «Пра сыход Лукашэнкі мы даведаемся з кароткай нататкі ў дзяржаўных СМІ»


Тыя шматлікія публікацыі, што прадракаюць Лукашэнку сыход ад улады (не мае значэння як) спарадзілі ў частцы беларускага грамадства нейкія сацыяльныя мары, з якіх цяпер шмат хто цешыцца.

Маўляў, вось зруйнуецца аўтарытарны рэжым, знікнуць (чамусьці!) шматлікія перашкоды на шляхах бізнесу, грамадскай ці палітычнай актыўнасці і ўсе, заквітнее Беларусь. Прыводзяць прыклады іншых краін (Польшчы, Чэхіі), дзе эканамічнае і сацыяльнае развіццё насамрэч пайшло хуткімі тэмпамі.

Іншыя, рэалісты, заўважаюць, што падстаў так мроіць няма аніякіх! Сам аўтарытарны рэжым узрос і ўмацаваўся на такіх рысах нацыянальнага характару, як канфармізм, лянота, зайздрасць, падпарадкаванасць любому начальніку, раз’яднанасць людзей і г.д. І гэта ўсё нікуды не знікне разам з Лукашэнкам.

Наадварот, хутчэй нас чакае перыяд эканамічнай і сацыяльнай анархіі, падчас якой лаўкачы захопяць буйныя кавалкі грамадскага пірага, а астатняе насельніцтва гэтак жа абыякава будзе глядзець, як яго ізноў рабуюць. Грамадская супольнасць не мае аніякіх рычагоў уплыву на стварэнне новых інстытутаў улады. Таму яна ізноў будзе бескантрольная, толькі з некаторымі ўпрыгожаннямі, кшталту круглых сталоў, прэсавых канферэнцый для ўсіх (чэсных і нячэсных) журналістаў і г.д.

Хто тут мае большую рацыю: аптымісты ці песімісты?

Каментары