Людскія справы Пра гэта не расказваюць у школе: цяжкае жыццё аўтара арнаменту на дзяржаўным сцягу


У цэнтры горада Сянно, што на Віцебшчыне, стаіць адзіны ў Беларусі помнік дзяржаўнаму сцягу. На помніку – адна з нямногіх узгадак імя Матроны Маркевіч-Кацер, аўтаркі арнамента, які змешчаны на гэтым сцягу. Але чаму імя жанчыны больш амаль нідзе не фігуруе?

Хлуснёй ды крывёю: гісторыя, якую прыхавалі

Падчас знаёмства з гісторыяй сям’і Маркевіч адказ на гэтае пытанне становіцца больш відавочным. Матрона Сяргееўна нарадзілася ў 1886 годзе ў вёсцы Клімавічы Сенненскага раёну. Гэта малая частка біяграфіі жанчыны, якую можна прачытаць на помніку ў Сянно. Але каб даведацца пра Матрону больш, мы адшукалі яе дачку Зінаіду, якая распавяла гісторыю іх сям’і.

Матрона і Аляксей Маркевічы

Матрона і Аляксей Маркевічы былі шматдзетнымі бацькамі. Зінаіда распавядае, што бацькі былі гаспадарлівымі, і гэта спрыяла зайздрасці з боку суседзяў. У 1937 годзе адзін з суседзяў падпаліў гумно, абвінаваціўшы Аляксея ў тым, што ён гнаў самагон. На наступны дзень бацьку Зінаіды і яшчэ трох дзяцей забралі і расстралялі. Пасля гэтага суседзі пачалі расцягваць і гаспадарку Маркевічаў. Праз кароткі час Матрона Маркевіч пахавала двух малодшых дзяцей, якія папухлі з голаду.

«Тапталі яе, ня дай Бог, з ёй ніхто не лічыўся. А яна так білася, так хацела нас вырасціць» – узгадвае маці Зінаіда Маркевіч.

Падчас вайны хату Маркевічаў спалілі немцы, таму Матрона з дзецьмі пабудавала зямлянку, у якой пачала займацца ткацкай справай. Жанчына сама знайшла ўсе неабходныя прылады, ніткі. Калі старэйшага сына забралі ў войска, ткацтва ратавала Матрону і яе дачку Зінаіду ад голаду. Ткацкія вырабы жанчыны адносілі ў Сянно, каб прадаць і набыць ежы.

Як праца «простай сялянкі» трапіла на сцяг?

У 1951 годзе Вярхоўны савет БССР даручыў Акадэміі навук распрацаваць эскіз сцяга, які будзе вылучацца на фоне сцягоў іншых дзяржаваў Савецкага звязу. У працоўную групу ўключылі брата Матроны Маркевіч – Міхаіла Кацера. У даваенных архівах «Белпрамсавета» ён адшукаў малюнак узору сваёй сястры пад назвай «Узыходзячае сонца». На яго аснове мастак Міхаіл Гусеў падрыхтаваў праект, які ў выніку і зацвердзілі.

Арнамент узялі, а на ўшанаванне аўтара – забыліся

Імя Матроны Маркевіч-Кацер не ўзгадваецца ні ў школьных падручніках, ні на шматлікіх інтэрнэт-старонках з тлумачэннямі беларускіх дзяржаўных сімвалаў.

Толькі ў 2015 годзе па ініцыятыве краязнаўцы Валера Бандарэвіча ў Сянно з’явіўся памятны знак дзяржаўнаму сцягу – і разам з тым – спадарыні Матроне. Але нават у сваёй кнізе «Экскурсія да вытокаў горада Сянно» спадар Валер не распавядае гісторыю раскулачанай жанчыны, праца якой стала вядомай на ўсю краіну.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.

«Людскія справы» на «Белсаце». Для нас няма чужых праблемаў!

Глядзі таксама
Каментары