Каментар «Не будзе магчымасці пералезці фізічна». Літва будуе плот на мяжы з Расеяй


Упершыню за час незалежнасці парламент Літоўскай Рэспублікі вырашыў узмацніць мяжу. Галоўнымі прычынамі называюцца барацьба з кантрабандай і нелегальная міграцыя. 

Ганна Русінава: Ці звязана будаўніцтва плота з пагрозай з боку Расеі?

Эймуціс Місюнас: Непасрэдна з агрэсіяй з боку Расеі гэты аб’ект не звязаны, гэта не вайсковы аб’ект: тут больш акцэнтуюцца эканамічныя справы, а таксама пытанне ўзмацнення вонкавай мяжы Еўразвяза.

Як Расея адрэагавала на такі крок Літвы?

Яны нам калісьці прапаноўвалі цэглу з цаглянага заводу ў Калінінградскай вобласці для будаўніцтва плоту. Але нам цэгла не патрэбная, дзякуй. Плот будзе абсталяваны за свае сродкі і сваймі магчымасцямі.

На якой стадыі знаходзіцца будаўніцтва?

Мяжа з Беларуссю кожны год узмацняецца, зараз з фонду вонкавай бяспекі Еўразвязу на гэта выдзелілі грошы, якія перадусім інвестуюцца ў сістэму вонкавага назірання – камеры, праграмаванне і г.д. Таксама рэгулярна будуецца плот, даўжыня якога значная большая, чым з Расеяй. У праграме ўраду прадугледжана, што да канца 2020 года мы будзем мець спарадкаваную і ўладкаваную мяжу з Беларуссю і з Калінінградскай вобласцю.

Чым будзе адрознівацца плот на мяжы з Калінінградскай вобласцю ад Беларусі?

Мы маем двух суседзяў, Расею і Беларусь, але вырашылі спачатку пабудаваць плот з Калінінградскай вобласцю: па сушы там менш кіламетраў.

З якіх матэрыялаў будзе будавацца канструкцыя?

Гэта будзе плот вышынёй 2–3 метры, з узмоцненай асновай і шматлікімі дадатковымі перашкодамі, каб было складаней праз яго пералезці. Плот з Калінінградскай вобласцю будзе такі ж самы як і з Беларуссю, нічым не будзе адрознівацца.

Як паўплывае плот на міграцыю жывёлы?

Я думаю, гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца, бо яно вельмі важнае. Думаю, што калі будуць такія прапановы ад прыродаахоўнікаў, мы зробім пункты для пераходу жывёлы.

Калі распачнецца будаўніцтва?

Цяпер праводзяцца падрыхтоўчыя працы для набыцця абсталявання для плоту, неўзабаве будзе арганізаваны тэндэр. Мяркую, будаўніцтва пачнецца пасля сканчэння ўсіх гэтых працэдураў – вясной або летам. Да наступнай зімы павінна ўжо ісці сур’ёзнае будаўніцтва.

Калі яно скончыцца?

Я не магу сказаць дакладна, гэта будзе залежыць ад падрадчыкаў і ад таго, наколькі ўсё будзе ўзгоднена з рознымі службамі. Лічу, што павінныя пабудаваць да канца году. А можа і хутчэй. Гэта будзе залежыць ад таго, як падрадчыкі будуць выконваць свае абавязкі.

Ці адрозніваюцца аб’ёмы кантрабанды на мяжы Літвы з Калінінградскай вобласцю і на мяжы Літвы з Беларуссю?

Так, розніца канешне ёсць. Большыя аб’ёмы кантрабанды ідуць праз беларускую мяжу, але заўважныя аб’ёмы ёсць і з калінінградскага боку. Але прыярытэтам абрана Калінінградская вобласць, таму што трэба пачаць змяншаць кантрабанду і з яе боку.

Ці абароніць гэтая сцяна ад шпіёнаў?

Гэта не сцяна, а плот. Які, натуральна, моцна абазначыць мяжу Літоўскай Рэспублікі з Калінінградскай вобласцю. Не будзе магчымасці праз яе пералезці фізічна. Скажам, як прыклад, быў выпадак з эстонскім службоўцам. Ён быў захоплены расейскімі памежнікамі на тэрыторыі Эстонскай Рэспублікі. Калі б стаяў плот, зрабіць гэта было б немагчыма.

Каментары