2 рублі за кіламетр. У Расеі – забастоўка дальнабойнікаў


Сотні кіроўцаў па ўсёй Расеі бастуюць супраць «Платона». І супраць «Димона».

У Расеі распачалася бестэрміновая забастоўка дальнабойнікаў супраць сістэмы «Платон», якая прадугледжвае аплату за праезд грузавікоў па федэральных дарогах. Прычынаю стала рашэнне аб павышэнні спрэчнага тарыфу.

Сотні кіроўцаў цяжкавікоў па ўсёй Расеі – ад Махачкалы і Паўночнай Асеціі да Масквы – пратэстуюць супраць павышэння тарыфу транспартнай сістэмы «Платон» ажно на траціну і патрабуюць адмены транспартавага падатку.

З 15 красавіка дальнабойнікі будуць плаціць амаль па 2 рублі за кіламетр па федэральных дарогах. Яшчэ тыдзень таму гэтая аплата мелася складаць нават больш за тры рублі, аднак нават зніжанае прэм’ер-міністрам падаражэнне выклікала агульнарасейскі страйк, на якім гучалі ня толькі эканамічныя патрабаванні

«Адстаўка ўраду, які нас шмат разоў падмануў, а таксама мы выказваем недавер нашаму прэзідэнту, як гаранту Канстытуцыі. Які, значыць, па тэлевізары нам кажа, што ў нас прававая дзяржава і канстытуцыя – галоўны закон. Дык вось гэты «Платон» – парушае Канстытуцыю», – кажа адзін з удзельнікаў забастоўкі.

У гэтых патрабаваннях ды ўва абурэнні перавознікаў добра чуваць рэха нядзельных антыкарупцыйных пратэстаў.

«Атачэнню Пуціна грошай, сілавікі, ваякі… Колькі можна бабкі красці, хлопцы? 12–13 тысячаў пенсію атрымліваем», – кажуць кіроўцы.

Паводле прэсавай сакратаркі пратэстнага руху пад час папярэдняй спробы пратэсту – у 2015 году Таісіі Нікіценка, гэтым разам пратэст атрымаў новую якасць

«Той год, што яны выпалі з інфармацыйнага полю яны патрацілі на тое, каб па ўсёй Расеі стваралі ячэйкі свайго аб’яднання «Перавознікі Расеі». Цяпер гэтае аб’яднанне функцыянуе ў 43 рэгіёнах і яны данеслі свае ідэі да процьмы новых людзей, – кажа Тасія Нікіценка. – Цяпер гэты пратэст будзе куды больш шматлюдным».

Тым часам у Федэральным дарожным агенцтве Расейскай Федэрацыі заявілі, што не бачаць ніякіх пратэстаў. Маўляў, рух транспарту па ўсёй краіне адбываецца ў межах сярэднестатыстычных паказнікаў.

Пратэстоўцы ж запэўніваюць, што ўва ўладаў яшчэ будзе магчымасць «заўважыць» пратэст.

Дальнабойнікаў у адрозненні ад удзельнікаў нядзельных антыкарупцыйных пратэстаў паліцыя пакуль не кранае. Аднак сёння стала вядома пра затрыманне аднаго з арганізатараў гэтак званага маршу трактарыстаў. Кубанскія фермеры сёння планавалі праехаць у станіцу Казанскую на агульны сход. Акцыя адмененая, але хваля пратэсту ў Расеі расце, упэўнены лідар Фонду барацьбы з карупцыяй.

«Людзі не атрымалі сваіх адказаў на пытанні пра карупцыю, таму яны будуць выходзіць на вуліцу і далей. І гэта будзе адбывацца, – лічыць Аляксей Навальны. – Тое, што ўчора дзясяткі тысяч выйшлі на вуліцы і выйшлі ў рэгіёнах, азначае, што за намі стаяць мільёны людзей».

Нягледзячы на гэтыя гучныя словы на сёння і ўдзельнікаў антыкарупцыйных мітынгаў і незадаволеных той жа карупцыяй фермераў, улады супакойваюць традыцыйна – арыштамі і міліцэйскімі дубінкамі.

Усевалад Шлыкаў