Агляд падзеяў культуры Пітэр Гейбрыел, Шымборска і джаз


Пачуццёвы, аксамітны голас зоркі польскага джазу Крыстыны Станька ахапіў залу сталічнай філармоніі. У Менску спявачка выступіла ў складзе свайго квартэту.Не толькі вакалістка, але і кампазітарка ды аўтарка словаў, Крыстына Станька мае процьму музычных узнагародаў, у тым ліку галоўную дзяржаўную ў Польшчы – медаль Gloria Artis. Ейны джаз заварожвае мядовымі плаўнымі рытмамі. «Нас слухаюць, – распавядае спявачка, – і тыя, хто шукае імправізацыі ды неспакою, і тыя, хто любіць лагодную музычную плынь, якая дазваляе расслабіцца, што таксама важна ў наш шалёны час».Але гэта інтэлектуальны адпачынак. На менскім канцэрце гучалі песні з трох вельмі розных альбомаў: тут і кампазіцыі знакамітага брытанскага музыкі Пітэра Гейбрыела ў джазавым апрацоўванні, і песні на вершы польскіх класікаў – найбольш спявачка любіць Віславу Шымборску. А альбом «Мроі» натхнёны фальклорам кашубаў – невялікага народу, які жыве на поўначы Польшчы.Крыстына Станька, спявачка: «Гэты альбом узнік, бо мая сям’я паходзіць з кашубаў. І калі мы збіраемся, то спяваем і граем кашубскія песні разам».Кантрабас Пятра Леманьчыка ды вібрафон Дамініка Букоўскага ствараюць сугучча з вакалам Крыстыны Станька ўжо доўгія гады. А вось канадскі бубнач Тайлер Горнбі далучыўся да калектыву летась падчас канцэртнага туру па Канадзе.ІНШЫЯ ТЭМЫ: Гурт «Haina» прэзентаваў дэбютны альбом «Прыцягненне». Фольк-праект «Ягорава гара» – з альбомам аўтэнтыкі ў Гомлі. Музычны нататнік вандроўніка з Украіны.Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Каментары