Пхеньян Трампа не баіцца. І працягвае ядравы эксперымент


Вашынгтон гатовы нанесці прэвентыўны ўдар па Паўночнай Карэі – у выпадку, калі Пхеньян вырашыць правесці чарговыя выпрабаванні атамнай зброі.

У адказ таталітарная Карэя заявіла пра гатовасць да любога канфлікту са Злучанымі Штатамі.

Амерыканская эскадра на чале з авіяносцам, што на пачатку тыдня рушыла да карэйскіх берагоў спынілася ў 500 км ад меркаванага ядравага палігону Паўночнай Карэі. Сярод гэтых караблёў – два эсмінцы з ракетамі «Тамагаўк» – такімі ж, што нанеслі ўдар па сірыйскай авіябазе Шайрат тыдзень таму.

Пентагон пакуль толькі папярэджвае

«У пытанні Паўночнай Карэі мы супрацоўнічаем з нашымі замежнымі партнёрамі з тым, каб развязаць сітуацыю, – заяўляе міністр абароны ЗША Джэймз Мэтыз. – Але сэнс у тым, што Пхеньян мусіць змяніць свае паводзіны. Гэтая сумесная пазіцыя ўсёй міжнароднай супольнасці».

Цягам тыдня Доналд Трамп неаднаразова заяўляў пра гатовасць вырашэння паўночнакарэйскай праблемы. Амерыканскі лідар падкрэсліваў, што ў гэтым пытанні спадзяецца на дапамогу Кітаю. Пекін афіцыйна заклікае ўсе бакі імавернага канфлікту да спакою.

«Кітай заўсёды выступаў супраць любых правакацыйных рухаў. Гісторыя давяла, што нельга вырашаць праблемы збройным чынам – адзінае выйсце – дыялог, – кажа міністр замежных справаў Кітаю Ванг Йі. – Выйсце з праблемы карэйскага паўвострава не ў тым, хто гучней грукае зброяй, ды напружвае цягліцы. Калі пачнецца вайна – не будзе пераможцы».

І разам з гэтымі словамі Кітай сцягнуў да мяжы з Паўночнай Карэяй сто пяцьдзясят тысяч жаўнераў. Пекін дзесяцігоддзямі быў адзіным хаўруснікам Пхеньяну, аднак на чыім баку ён выступіць цяпер, прадказаць цяжка, тым болей улічваючы прапанову Доналда Трампа па наданні Кітаю гандлёвых прэферэнцыяў, калі Паднябесная дапаможа прыпыніць ядравую і балістычную праграму Пхеньяну. Тым часам, пакуль сітуацыя на паўвостраве ўсё мацней нагадвае парахавую бочку, Японія распачала распрацоўку плану па эвакуацыі сваіх грамадзянаў з Паўднёвай Карэі.

«Дзеля таго, каб абараніць жыцці і маёмасць нашых грамадзянаў, мы працуем на самым высокім узроўні і гатовыя да любога варыянту развіцця падзеяў, – абвесціў генеральны сакратар японскага ўраду Ёсіхідэ Суга. – Мы зробім усё, што неабходна, каб абараніць нашых суайчыннікаў».

У Токіа падкрэсліваюць, што Паўночная Карэя наўрад ці можа беспасярэдне пагражаць Японіі і ЗША. Затое паўднёвая частка паўвострава знаходзіцца ў рэальнай небяспецы. Асабліва цяпер, калі Пхеньян рыхтуецца да свайго галоўнага свята – ужо заўтра таталітарны рэжым святкуе 105-ы дзень нараджэння Кім Ір Сэна. Настроі на вуліцах паўночнакарэйскай сталіцы – адпаведныя – пхеньянцы, якіх дазволілі апытаць журналісту агенцтва Ройтэр, Трампа не баяцца.

На гэтым тыдні кіраўнік Паўночнай Карэі загадаў як мага хутчэй прыгатавацца да новага ядравага выпрабавання, не зважаючы на амерыканскую дэманстрацыю сілы. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца ўжо заўтра – акурат на дзень народзінаў ягонага дзеда.

Усевалад Шлыкаў