Песні кузурак: інсцэнізацыя ад Святланы Бень


Як жывецца кузуркам сярод людзей і людзям у свеце кузурак? У прасторы «Корпус» паказалі яркую музычную інсцэнізацыю на словы паэта Мікалая Алейнікава.

Пра драматычны лёс мухі, прусака, блыхі або коніка спявае Святлана Бень, якая выступіла акторкай і рэжысёркаю спектаклю разам з Дзмітрыем Багаслаўскім. У аснове – 14 абсурдысцкіх вершаў расейскага паэта Мікалая Алейнікава, блізкага да кола абэрыутаў.

«Мікалай Алейнікаў – мой найлюбімейшы паэт, адкрыты мною яшчэ ў такім пранізлівым падлеткавым узросце. Ён як маяк вёў мяне праз усё паэтычнае і чалавечае жыццё. Але самае галоўнае, што тэма расстраляных паэтаў, рэпрэсаваных – гэта вельмі важная тэма, бо мы як быццам троху забыліся», – тлумачыць свой выбар акторка і рэжысёрка інсцэнізацыі Святлана Бень.

Візуальная прыгажосць спектаклю – заслуга мастачкі і мультыплікатаркі Марыі Пучковай. Музыку напісаў беларускі кампазітар Валер Воранаў, які жыве ў Нямеччыне. Скрыпкі, фартэпіяна, тэрменвокс дапаўняюць магію паэзіі, і вось мы ўжо адчуваем сябе маленькімі кузуркамі ў гіганцкім космасе.

Ужо заўтра спектакль паедзе ў Кіеў, а ў Менску наступным разам яго можна чакаць у траўні.

Іншыя тэмы: арганізатары прапаноўваюць бясплатны ўваход на канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні – за содні. Штогадовы альманах «Палац» абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў прэзентавалі ў Гомлі. Пачаўся прыём заявак на ўдзел у «Басовішчы».

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук