Агляд падзеяў культуры Першы Блумсдэй у Менску


Дзень Блума штогод ува ўсім свеце шумна адзначаюць аматары літаратуры і прыхільнікі ірландскага пісьменніка Джэймза Джойса. Сёлета ўпершыню свята ладзяць і ў Менску. У кнігарні «ЛогвінаЎ» выступілі больш як два дзясяткі літаратараў, мастакоў ды музыкаў.16 чэрвеня 1904 года адбылося першае спатканне Джэймза Джойса і Норы Барнакл, будучай жонкі пісьменніка, з якою ён пражыў усё жыццё. Менавіта гэтую дату Джойс зрабіў часам дзеяння культавага раману «Уліс»: раніцой галоўны герой Леапольд Блум выходзіць з дому, каб распачаць сваю Адысею. Таму ў гэты дзень інтэлектуальныя гулянні ахопліваюць еўрапейскія кнігарні:«У Парыжы сёння ў такой культавай кнігарні «Shakespeare and company» ладзіцца сямігадзінны чытацкі марафон. Сем гадзінаў запар найлепшыя пісьменнікі чытаюць Джойса. Я ведаю таксама, што ва Украіне кнігарня «Е» ладзіць вечарыну з найлепшымі аўтарамі, у Варшаве імпрэзы адбываюцца, у Вільні, амаль ува ўсіх еўрапейскіх сталіцах», – .распавядае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.Не так сур’ёзна, як у Парыжы, вырашылі правесці менскі Блумсдэй пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і паэтка Юля Цімафеева. Вечар прайшоў з музыкаю, чытаннямі, танцамі ды конкурсамі, у якіх можна было атрымаць прызы ды глыток віскі. І, вядома ж, кожны казаў пра свайго Джойса:«Для мяне ён настаўнік у першую чаргу. Бо, каб напісаць кніжку пра койданаўцаў, мне трэба было прачытаць ягоных «Дублінцаў», – зазначае пісьменнік Адам Глобус.«Для мяне асабіста Джойс – гэта вычварэнец. Бо ён сам сябе даводзіў да псіхапатычных станаў», – кажа пісьменнік Сяргей Календа.Блумсдэй паяднаў і тых, хто не адолеў «Уліс», і сапраўдных фанатаў кнігі.«Уліс для мяне апошнія гадоў 7–8 – гэта проста кніга жыцця», – распавядае Вераніка Акудовіч.Знаўцаў чакалі сюрпрызы – напрыклад, яны пачулі ўрыўкі з другой, неапублікаванай, часткі беларускага перакладу «Уліса», зробленага Янам Максімюком.Іншыя тэмы: у Менску стартавалі паказы незалежных фільмаў «Белкіналета». Яшчэ адзін летні варыянт альтэрнатывы кінатэатрам – фестываль нямога кіно «Кінемо-2016».Аляксандра Дорская, Настасся Храловіч, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Каментары