Людскія справы Перанёс 13 аперацыяў пасля працы ў Парку Чалюскінцаў


Сяргей Нікіценка трапіў пад атракцыён у парку Чалюскінцаў, атрымаў цяжкія траўмы і два тыдні прабыў у коме. Цяпер ён, напалову паралізаваны, змагаецца за кампенсацыю.

Няшчасны выпадак здарыўся ў 2016 годзе. Сяргей працаваў у парку дзяжурным атракцыёна ўжо трэці сезон. Кіраўніцтва «Менскзелянбуду», якое ўзяло яго на сезонную працу, не прызнае ягонае калецтва вытворчай траўмай і адмаўляецца ад кампенсацыйных выплатаў.

З таго часу ён перанёс 13 аперацыяў. Сяргей жыве на сціплую пенсію інваліда і грошы бацькоў-пенсіянераў. Мае двух няпоўнагадовых дзяцей.

Сяргею Нікіценку дапамагае ягоны бацька. Фота belsat.eu

«Менскзелянбуд» склаў паперы, каб прызнаць траўму не вытворчай і звольніць мяне з працы. Мне выплацілі 60 рублёў – за працу і бальнічны. І з таго моманту, з ліпеня, я не бачыў ніякіх выплатаў», – распавядае Сяргей.

Усіх сведкаў, хлопцаў, якія працавалі разам з ім, адразу звольнілі і сёлета не ўзялі на працу. Кіраўніцтва «Менскзелянбуду» нават не пацікавілася станам Сяргея.

Паўтары гады судоў спатрэбілася для таго, каб калецтва Сяргея Нікіценкі было прызнанае вытворчай траўмай. Аднак «Менскзелянбуд» ніякіх грошай пацярпеламу так і не пералічыў.

10 год судоў і нулявы вынік

У другой частцы праграмы – гісторыя Мікалая Шулякі: былы супрацоўнік «Атланту» больш за дзесяць гадоў судзіцца з адміністрацыяй прадпрыемства, якае адмаўляецца прызнаць ягонае прафесійнае захворванне.

«Адправілі адбіваць плітку з жалезабетонных панэляў будынкаў. Гэта мусілі рабіць два чалавекі па чарзе, бо даводзілася трымаць усю вагу адбойнага малатка. Аднак я тыдзень працаваў адзін і ў выніку атрымаў траўму пляча», – распавядае Мікалай.

Прафзахворванне было прызнана ў 2007 годзе Рэспубліканскім цэнтрам прафпаталогіі. Аднак наймальнік адмовіўся забяспечыць неабходнае лекаванне і скасаваў кантракт. Каб дамагчыся справядлівасці праз суд, мужчына мусіў прадаць усе каштоўныя рэчы, але станоўчага выніку так і не дачакаўся.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» прысвечанае вытворчым траўмам:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram ды Telegram.

Каментары