Перамовы ў Астане: за адным сталом, але праз пасярэднікаў


Другі дзень перамоваў у Астане па ўрэгуляванню сітуацыі ў Сірыі не прынёс доўгачаканага выніку. Размовы, якія пастаянна пераходзяць ва ўзаемныя абвінавачванні двух бакоў не дадаюць аптымізму, што канфлікт, у хуткім часе, можна будзе развязаць мірным шляхам.

Прадстаўнікі сірыйскае апазіцыі не атрымлівалі якіх-кольвек афіцыйных праектаў адносна замірэння на перамовах з дэлегацыяй Башара аль-Асада ў Казахстане. А тыя версіі дакументаў, якія зʼявіліся раней у сацыяльных сетках, паўстанцы каментаваць адмаўляюцца.

«Казахстан, Расея і Турцыя працуюць над тым, каб гэтая канферэнцыя стала паспяховай, але каб гэтак сталася, трэба прытрымлівацца пэўных працэдураў, – заяўляе прэс-сакратар сірыйскае апазіцыі Усама абу Зэйд. – Асноўнай перашкодай для паспяховага правядзення гэтае сустрэчы і гэтых перамоваў застаецца працяг парушэнняў рэжымам Башара аль-Асада ранейшых дамоўленасцяў і пагроза ваеннага выціскання нашых сілаў з розных рэгіёнаў».

Перамовы праходзяць за зачыненымі дзвярыма. Чакаецца, што яшчэ сёння ўдзельнікі выступяць з выніковай заявай ды яшчэ раз пацвердзяць дамову аб замірэнні з 30 снежня. Ад часу яе падпісання бакі супрацьстаяння неаднаразова вінавацілі адзін аднаго ў парушэнні гэтай дамоўленасці.

«Некаторыя з удзельнікаў канферэнцыі, а менавіта дэлегацыя тэрарыстычных узброеных групаў, мае ўласную інтэрпрэтацыю, ці няправільную інтэрпрэтацыю гэтых пагадненняў. Яны выходзяць за межы прынятых дамоўленасцяў, што стварае праблему для ўсіх удзельнікаў перамоваў у Астане», – заяўляе кіраўнік сірыйскай урадавай дэлегацыі.

Сам працэс перамоваў адбываецца праз пасярэднікаў, абедзве дэлегацыі, хоць і сядзяць за адным сталом, не размаўляюць наўпрост. Нягледзячы на гэты факт, і Турцыя, якая падтрымлівае паўстанцаў, і Расея, якая дапамагае рэжыму Асада, кажуць пра жаданне як мага хутчэй спынІць баявыя дзеянні. Гарантам перамоваў выступае таксама Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў.

«Мы працуем над дэкларацыяй, якая ўзмацніць дзейнае пагадненне аб спыненні агню, – заявіў адмысловы пасланнік ААН у Сірыі Стэфан дэ Містуры. – Кожны момант гэтага пагаднення і гэтай дыскусіі вельмі важны, бо гаворка ідзе не пра паўстанне паперкі, гаворка ідзе аб спыненні баявых дзеянняў і ратаванні жыццяў».

А пакуль у Астане ідуць перамовы, у самой Сірыі далей гінуць людзі. У апублікаваным паўстанцамі ў сацыяльных медыях відэароліку паказаныя ахвяры чарговага паветранага бамбавання ў сірыйскай правінцыі Гомс.

Апазіцыйныя сілы сцвярджаюць, што асадаўскія войскі пры дапамозе іранскіх узброеных груповак працягваюць наступ, нягледзячы ні на замірэнне, ні на мірныя перамовы ў Астане.

Ігар Кулей