Песня іспанскага кандыдата «Еўрабачання» можа зрабіцца сусветным гітом


Неўзабаве, як ведаюць аматары конкурсу «Еўрабачанне», у Кіеве адбудуцца выступы прадстаўнікоў розных краін Еўропы. Расея пастанавіла ігнараваць спаборніцтвы, бо іхную спявачку туды не пусцілі, з прычыны, што яна неаднойчы ездзіла ў Крым без дазволу з боку Украіны. Такі закон… Але ж маю ўвагу прывабіў прадстаўнік Іспаніі ў тых спаборніцтвах.

Юнага іспанскага барда клічуць Манэль Наварра. Яму ўсяго 21. Манэля нельга назваць «незалежным» ці самадзейным, бо ён ужо мае кантракт з «Sony Music».

«Падрыхтоўка да гэтага конкурсу «Еўрабачання» моцна адрозніваецца ад усяго, што я рабіў раней. Мяне цікавіць творчасць, а тут патрэбна працаваць над іншым. І ўсё ж такі на першым плане – прамоцыя маіх спеваў у Лондане. Бо гэта сталіца музычнага еўрапейскага бізнесу», – кажа спявак.

«Я быў на першым месцы паводле галасавання іспанскага журы і на трэцім паводле галасоў аўдыторыі. У публікі спаборніцтва выйграла Мірэла, але яна была чацвёртай паводле журы. У выніку журы абрала мяне, бо палічылі сучасным і актуальным».

Нумар Манэля Наварры прэтэндуе зрабіцца міжнародным (а не толькі іспанскім) гітом.

Можна выказаць здагадку, што рэгіянальныя філіялы вялікіх музычных лейблаў пачынаюць звяртаць больш увагі на «Еўрабачанне».

Што ж, Расея ды Боснія выбылі сёлета з «Еўрабачання», Партугалія ды Румынія вярнуліся. Паўфіналы адбудуцца 9 і 11 траўня. Фінал – 13 траўня.

Сяргей Філімонаў