Пенсіянеры хочуць вучыць ангельскую, а не сядзець з унукамі


Беларуская традыцыя апошніх дзесяцігоддзяў мае абмежаваную колькасць вобразаў, якім мусіць адпавядаць сталы чалавек: бабусі ў хустачках, садаводы, вахцёры-прыбіральшчыцы. Усё што выбіваецца па-за межы выклікае ў лепшым выпадку здзіўленне. Чаму нават дарослыя дзеці часам супраць таго, каб іх бацькі на пенсіі займаліся нечым акрамя ўнукаў і лецішча?

1 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень сталых людзей, госця «Размовы дня» каардынатар навучальных праектаў «Універсітэта трэцяга ўзросту» Вольга Шышло разам з Усеваладам Сцебуракам абмеркавалі, ці ёсць шанец у сталых беларусаў заставацца актыўнымі на працягу ўсяго жыцця?

«Людзі саромеюцца казаць пра тое, што яны ходзяць, вывучаюць англіскую мову. Унукі могуць ведаць, але сваім сяброўкам яна не распавядае, бо сяброўкі скажуць: «Навошта табе на пенсіі трэба, ідзі ўжо, у цябе ўнукі, усё ёсць», – апісвае праблемы Вольга Шышло.

Вольга дадае, што бываюць сітуацыі, калі чалавек сталага веку вельмі хоча вучыцца, трымацца на ўзроўні, а вось сваякі бачаць у ім выключна бясплатную няню для ўнукаў.

Іншыя важныя тэмы, якія закранулі ў праграме «Размова дня» Усевалад Сцебурака і Вольга Шышло:

– Чаму эйджызм тычыцца кожнага?

– Недахоп грошаў не галоўная праблема беларускіх пенсіянераў?

– Якім мусіць быць горад, зручны для сталых людзей?

– Якім чынам адукацыя ў сталым узросце ратуе ад дэменцыі?